308
13 января 2022 в 16:05
Источник: Святлана Белавус. Фото: Ганна Iванова

«Устаю а пятай раніцы, прыходжу дадому ў 23». Гісторыі беларусаў, для якіх выхадныя і адпачынкі — раскоша

Источник: Святлана Белавус. Фото: Ганна Iванова

На гэты Новы год беларусам выпала надзвычай мала выхадных: ва ўсім вінавата святочная субота 1 студзеня. Адпачнулі два дні — і досыць, пара за працу. Адмыслова для тых, каму вяртацца ў звыклае рэчышча цяжка (і вельмі хочацца сябе пашкадаваць), мы запісалі гісторыі працаголікаў. Так атрымалася, што нашы героі гадамі жывуць без паўнавартасных выхадных ці адпачынкаў. «Дзеля чаго?» — не пасаромеліся запытацца мы. І высветлілася, што матывы ва ўсіх розныя.

«Я не з тых, хто ные, што бракуе грошай»

Першага і другога студзеня Вераніка Кухарэўская адсыпалася — і гэта былі першыя выхадныя з верасня. А калі гаварыць пра два дні адпачынку запар, то такога ўвогуле практычна не здараецца. Справа ў тым, што беларуска паўнацэнна працуе ў дзвюх арганізацыях. Адна з іх — крама адзення, у якой дзяўчына выконвае абавязкі кіраўніка. Там пяцідзёнка — з 11 да 17.

У афіцыйныя выхадныя Вераніка ўвесь дзень (з 10 да 22) знаходзіцца ў краме парфумерыі, дзе працуе старшым кансультантам. І яшчэ тры вечары на тыдзень прыязджае сюды пасля першай працы. Выходзіць, даволі часта мінчанкі няма дома з раніцы да вечара. Цікавімся ў яе: навошта так напружвацца?

— Гэта доўгая гісторыя. Чатыры гады таму ў мяне была вельмі добрая і высокааплатная праца: я кіравала сеткай кавярняў. Але потым на гэтае месца выйшла дзяўчына з дэкрэта, і мяне знялі. Прапанавалі альбо застацца адміністратарам і атрымліваць у два разы менш, альбо сысці. З пачуцця ўласнай годнасці я выбрала другі варыянт, але, ужо прызвычаіўшыся да заробку такога ўзроўню, стала шукаць альтэрнатыву.

Вераніка ўдакладняе, што тады гаворка ішла пра тысячу долараў. Захаваць даход дапамаглі дзве працы. Дзяўчына рабіла ў краме парфумерыі і дадаткова ў розных кавярнях як барыста. Графік быў яшчэ больш жорсткім, чым цяпер: змены пачыналіся чуць свет. У апошні год а дзясятай раніцы Вераніка ўжо вольная — і гэта той каштоўны час, калі яна паспявае патраціць грошы.

— Майстры па прыгажосці бяруць мяне перад працай, то-бок я магу прыехаць да іх нават а сёмай. Трэніроўкі наведваю таксама раніцай, — усміхаецца дзяўчына.

Здымаць жыллё Вераніцы не патрэбна: ёсць свая кватэра. Нейкіх глабальных фінансавых мэт накшталт пакупкі аўто ў дзяўчыны няма. Навошта ж у такім выпадку два заробкі?

— Усё ідзе на асабістыя патрэбы. Я хаджу ў спартыўную залу на індывідуальныя заняткі з трэнерам, гэта даволі дорага. Плюс стала клапаціцца пра сваё здароўе: абследаванні, стаматалогія — і гэта процьма грошай. Ежу купляю, таксі на працу і з яе бяру, бо не высыпаюся і ашчаджаю час. На «пагуляць» расходуюцца сродкі, на падарункі. З адным заробкам я ўсё гэта не выцягну.

— А калі гуляць? У вас жа выхадных няма, — шчыра не разумеем.

— Па начах. Часам адразу з тусоўкі еду на працу, — смяецца суразмоўца.

Па словах Веранікі, з такім графікам яна мусіць ахвяраваць сном: спіць уначы ад 4 да 7 гадзін. Мабыць, у вас засталіся сумненні, але запэўнім: у зносінах дзяўчына даволі жвавая. Гаворыць, што, нягледзячы на нагрузку, з працоўнымі абавязкамі спраўляецца няблага, хоць стомленасць усё ж праяўляецца ў санлівасці і млявасці. Затое сваякі і знаёмыя лічаць Вераніку героем.

— У мяне ўсё жыццё, з дзяцінства, было шмат энергіі. Я не з тых, хто ные, што бракуе грошай, заўжды ўспрымала гэта як праблемы ўласна чалавека. Хочаш больш — працуй больш. Але апошнім часам усё часцей вяртаюся да думкі, што варта было б пакінуць адну працу...

Пара ўжо неяк асабістае жыццё наладжваць, а то яго ўвогуле няма.

«Жонку бачу раз на дзень: яна мяне корміць, і я сыходжу на працу»

Аляксандра Слуцкага шмат хто ведае як дырэктара праекта Napoli, а яшчэ ён вакаліст, вядоўца ў караоке-клубе і дыктар расійскага кніжнага выдавецтва. Працуе без выхадных ужо 20 гадоў, нават навагодняя ноч для яго не выключэнне. Адпачынкі бываюць, але толькі дзеля паездак на мора. Проста так сядзець дома без працы для Аляксандра неймаверна.

— Нагрузка ў мяне штодня аднолькавая. З 15 да 18 працую дома дыктарам па агучванні аўдыякніг. Пачынаючы з 8 вечара і да 2—3 ночы я вядоўца ў караоке-клубе, а з 3 да 6 вяртаюся да аўдыякніжак. Сплю з 7 да 14. Да нядаўняга часу я быў заняты ў клубе наогул да 7 раніцы, але цяпер стала цяжкавата: усё ж 44 гады, не хлопчык, таму знайшоў іншую працу.

Зрэдку («прыкладна раз на год») Аляксандр можа ўзяць выхадны ў караоке-клубе, каб наведаць, да прыкладу, вечар сустрэчы аднакласнікаў. Здараецца, што агучка адмяняецца, але гэта проста адзінкавыя выпадкі.

— Я зусім не п’ю алкаголь і не выношу п’яных, таму на выхадных мне проста няма чым сябе заняць. Да таго ж абедзве працы прыносяць мне задавальненне.

Я ж не за станком стаю. Нават не магу сказаць, што моцна стамляюся, надакучвае мне хутчэй гультайства.

Удакладняем, як сям’я ставіцца да такога незвычайнага працоўнага графіка. Аляксандр жанаты, выхоўвае 14-гадовага сына.

— Для нас усіх усё пасуе. Я не сплю па начах больш за 20 гадоў. Калі кладуся, жонка з сынам устаюць, збіраюцца па сваіх справах. Потым сын вяртаецца са школы, я прачынаюся — днём мы бачымся і размаўляем. Жонка дома ўжо а шостай вечара: корміць мяне, і ўсё — я сыходжу на працу. Чым менш бачымся, тым лепш для адносін, — жартуе Аляксандр.

— А няма выгарання праз тое, што дні падобныя адзін да аднаго?

— У караоке-клубе штодня розныя людзі. Песні, якія спяваю, таксама адрозніваюцца, таму і раблю ўсё з задавальненнем. Кнігі агучваць — гэта вельмі творчы працэс, ён не можа надакучыць. У мяне наогул праца мары, а яна яшчэ і добры прыбытак прыносіць, я нават не чакаў!

Вось уявіце: вы чытаеце кнігу, я раблю тое ж, толькі чытаю ўголас і атрымліваю за гэта грошы. Хобі супала з працай.
Так выглядае ўначы працэс агучвання кніг. Фота: з асабістага архіва

Як расказвае Аляксандр, з юнацтва ён паспрабаваў самыя розныя прафесіі, актыўна шукаў сябе. І ўсё дзеля цікавасці, грошы заўсёды былі не на першым месцы.

— Я асабіста грашыма не карыстаюся нават: жонцы ўсё аддаю да капейкі. Яна ў мяне з патрабаваннямі, дарэчы. Калі б у яе былі не такія запыты, можа, і працаваў бы я менш, — усміхаецца суразмоўца.

«Заўсёды мяркуеш, што адпачынак будзе крыху пазней — і ён адкладваецца на гады»

Ірына Душэўская апошні раз была ў адпачынку 7 гадоў таму. Прычына банальная: «не атрымліваецца». Раней працавала галоўным бухгалтарам у прыватных арганізацыях і разумела: калі вяртаешся, сутыкаешся з жудасным завалам, таму і выбірала працу. З 2017-га аформіла ІП, і выгадаць для сябе вольныя дні стала яшчэ складаней. А ў кастрычніку разам з калегай яна вырашыла пашырацца — адкрыла кампанію.

— Цяпер нам трэба падрасці, наладзіць усе працэсы. Робім удваіх з сузаснавальнікам, і вось хутка выходзіць яшчэ адзін супрацоўнік. Мусім самі і сацсеткі весці, і артыкулы на сайт пісаць — увогуле, даводзіцца самастойна выконваць шырокае кола абавязкаў. Пры большым стартавым капітале можна было б вылучыць грошы на рэкламу і працаваць менш, але ў нас так не атрымліваецца.

У будні Ірына знаходзіцца ў офісе з 9 раніцы да 20—22. У суботу адсыпаецца, а ўжо ў нядзелю зноў вяртаецца да працы, праўда, у палегчаным фармаце — з дома. Кажа, што за тыдзень заўсёды набіраюцца нейкія хвасты, якія чакаюць увагі.

Наогул, па складзе характару гераіня — вельмі актыўны чалавек. Толькі ўявіце: у 51 год яна атрымала трэцюю вышэйшую адукацыю і пайшла ў магістратуру!

Працаваць плануе, як сама жартуе, «гадоў да 96», гэта значыць, на канапе перад тэлевізарам яна сапраўды сябе не ўяўляе.

У той жа час Ірына не адмаўляе: нагрузка цяпер завялікая, адпачынак дакладна не пашкодзіў бы.

— Заўсёды мяркуеш, што адпачынак будзе крыху пазней. А гэта пазней у выніку адцягваецца на гады... У цэлым жа мяне такі рытм задавальняе. Абвыкаеш. Можа, у 2022 годзе нешта зменіцца? Ёсць думкі адпачнуць вясной, але незразумела пакуль, ці адкрыюцца межы.

З мужам Ірына разведзена, але гэта, па яе словах, ніяк не звязана з працай. Дачцэ 25 гадоў, яна ўжо дарослая, ганарыцца мамай і, трымаючыся яе прыкладу, вельмі шмат вучыцца. Цяпер у жыцці настаў залаты час, калі сям’я не патрабуе празмернай увагі і можна заняцца самарэалізацыяй, лічыць наша гераіня.

— А на сябе час застаецца? На спорт? На кнігі? — цікавімся.

— Калі адасплюся, гляджу лёгкія фільмы, але, у прынцыпе, мне і дня досыць, каб адпачнуць. Чытаю з большага прафесійную літаратуру, на звычайныя кнігі не хапае часу. Са спортам давялося развітацца праз здароўе. Маю зносіны перадусім у сацсетках. Гатаваць не паспяваю, і, мусіць, не вельмі хочацца для сябе адной. І зноў жа, часу неяк шкада...

— А вы не думалі пра тое, каб усё ж такі працаваць менш? Няхай і са стратай грошай...

— Відаць, тут пытанне не матэрыяльнае. Проста вельмі цікава: хачу наладзіць працу кампаніі, таму даводзіцца шчыраваць... То-бок зараз мной хутчэй кіруе ідэя, чым жаданне адпачыць.

«Мару паўдня праляжаць у ложку і палайдакаваць»

Сяргею Гарбатку 29 гадоў, ён фітнес-трэнер у клубе. Спецыфіка гэтай працы ў тым, што за дзяжурства па зале пералічаюць толькі голы аклад. Персанальныя трэніроўкі аплачваюцца асобна, і тут ты сам сабе гаспадар: колькі знайшоў кліентаў, столькі і зарабіў. Дзеля добрага заробку даводзіцца заставацца ў спартзале літаральна з раніцы да ночы.

— Выходжу з дома я звычайна ў 5:40—6:00, каб дабрацца на працу да 7 (сваёй машыны няма, а зала знаходзіцца далёка). І такі пад’ём стабільна шэсць дзён на тыдзень. Кліенты часта прыходзяць ажно да 7 раніцы, і я вымушаны падладжвацца. Заканчваю трэніроўкі, як правіла, а 22-й, дадому прыязджаю ў 23. Пагаліўся, паеў, і а пятай ізноў пад’ём.

Перапынкі на працягу дня бываюць, расказвае Сяргей, але часцей за ўсё «форткі» ён выкарыстоўвае для напаўнення кантэнтам Instagram і TikTok. Тут прамая залежнасць: каб забяспечыць паток кліентаў, мусіш весці старонкі ў сацсетках, а гэта таксама патрабуе досыць намаганняў і часу.

— Вось і атрымліваецца, што, адпрацаваўшы ў зале 12—16 гадзін, я заўсёды яшчэ нешта здымаю, пішу, раблю кантэнт. Ладжу трэніроўкі ў анлайне, прасоўваю нейкія матэрыялы. Увогуле, гэта настолькі ненармаваная праца, што калі ты і не ў сям’і, то ўвесь час заняты.

Такому жорсткаму працоўнаму рытму Сяргей стаў падпарадкоўвацца пасля нараджэння дзіцяці. Жонка пайшла ў дэкрэт, а жыць утраіх «хочацца камфортна».

— Калі працаваць 7—8 гадзін на дзень, мой заробак будзе каля $500. Я не ведаю, як на такія грошы пражыць сям’і ў Мінску. Яшчэ і ўмовы ў нас такія — аднапакаёвая кватэра. Плануем неяк пашырацца, бо зараз жывём на 42 «квадратах», а мне даводзіцца спаць на кухні. Хочацца ж і з’ездзіць кудысьці, таму грошы надта патрэбныя.

Апошні раз Сяргей з жонкай вандравалі ў адпачынку 2017 года, значыцца, 4 гады таму. Паўнавартасныя выхадныя таксама былі даўным-даўно — гэта раскоша, пра якую наш герой пакуль толькі марыць.

— Я б з вялікай ахвотай проста паўдня праляжаў у ложку і палайдакаваў. Або паспаў восем гадзін, бо ў асноўным у мяне толькі пяць-шэсць выходзіць. Праўда, два разы на тыдзень выпадае невялікі перапынак: вяртаюся дадому ў абед, якраз дзіця спіць — і я магу адпачыць які-ніякі час. Але ўвечары еду назад у залу ці зачыняюся дзе-небудзь на балконе, каб рабіць кантэнт.

Па нядзелях дзіця часцяком будзіць у 6—7 раніцы. Палову дня баўлю з ім, а калі малое кладзецца, зноў працую.

Сяргей не хавае: у сям’і здараюцца канфлікты з нагоды таго, што бацькі «пастаянна няма дома». Але малады чалавек цярпліва тлумачыць: усё гэта на карысць сям’і.

— А за які заробак вы столькі працуеце?

— У сярэднім $1,5—2 тысячы.

— Не ўзнікала жадання ўсё кінуць і зарабляць хоць бы $700, але бачыць сям’ю?

— Часам бывае такое. Думаю: трэба ісці ў тэсціроўшчыкі, у ІТ, проста кідаць усё. Але я ў прафесіі ўжо 10 гадоў, пакуль трымаюся. Жонка ў дэкрэце будзе яшчэ паўгода, улетку, спадзяюся, пойдзе на працу. Магчыма, тады мне стане прасцей.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by