«1000 еўра адкладаю, на 500 рублёў жыву». Беларус строга эканоміць дзеля запаветнай мэты

2223
25 января 2022 в 16:20
Источник: Святлана Белавус. Фото: Ганна Iванова

«1000 еўра адкладаю, на 500 рублёў жыву». Беларус строга эканоміць дзеля запаветнай мэты

Источник: Святлана Белавус. Фото: Ганна Iванова

Ці можна з марнатраўца ператварыцца ў чалавека, здольнага абыходзіцца мінімумам рэчаў? Сваю гісторыю нам распавёў Сяргей: ён вырашыў строга ашчаджаць грошы, каб назбіраць на кватэру. Пры заробку €1300 на жыццё мужчыну стае каля 500 рублёў, і ён плануе жыць у такім рэжыме самае меншае два гады. Ці вытрымае? Праверым.

У нашым матэрыяле пра адносіны беларусаў з грашыма мы ні на чым не настойваем, нічога не прапагандуем — проста зазіраем у чужыя кашалькі выключна з журналісцкай цікаўнасці (і каб падзяліцца з вамі, вядома).

Гісторыя Сяргея зацікавіла нас перш за ўсё непрапарцыйнасцю паміж даходамі і выдаткамі. З леташняй восені наш герой расходуе менш за 1/7 заробку, а гэта каля 500 рублёў. Абмяжоўвацца такой сумай ён вырашыў дзеля запаветнай мэты — уласнага жылля.

«У мяне ёсць дзе жыць, але я ўсё адно хачу сваю кватэру»

Як так выйшла, што ў 35 гадоў кватэрнае пытанне ў Сяргея засталося вісець у паветры? Суразмоўца тлумачыць: пасля заканчэння БДУІР ён не мог знайсці ў Мінску працу па спецыяльнасці (радыёінжынер). Нейкі час працаваў электрыкам, а потым ірвануў у Санкт-Пецярбург, дзе з працай усё атрымалася: уладкаваўся ў кампанію інжынерам-праграмістам.

Пасля 5 гадоў жыцця ў Расіі беларус усё ж надумаў вярнуцца ў Мінск — на бацькоўскія квадратныя метры. З часам жыццё на чужой тэрыторыі стала напружваць, хаця адносіны са сваякамі добрыя.

— Не магу сказаць, што мае бацькі абдзелены нерухомасцю, яны ў мяне даволі забяспечаныя людзі. Я займаю два пакоі ў іх дома, нават ёсць магчымасць у будучым жыць асобна (цяпер рамантуюць яшчэ адну кватэру). Рэч у тым, што па паперах гэта жыллё ў любым выпадку будзе не маё, а гэта істотна. Відаць, на сваіх метрах я буду пачувацца ўтульней, бадай, там можна рабіць што пажадаю. Бацькі ж — гэта бацькі. А раптам ім мэбля не спадабаецца і яны паставяць штось сваё (калі разважаць вобразна)?

Так Сяргей прыйшоў да думкі, што час збіраць грошы на сваю кватэру, да таго ж у даволі жорсткім рэжыме. І дапамогі ад бацькоў ён не чакае.

— Яны выхавалі нас з сёстрамі так, што, калі хочаш нешта атрымаць, мусіш імкнуцца да гэтага сам, — адказвае на наша скептычнае пытанне суразмоўца.

«Раней мог выдаткаваць €1500 у месяц на хобі»

Цяпер Сяргей працуе на міжнародную кампанію і атрымлівае €1300—1400. Для многіх беларусаў гэта вялікія грошы, але сустракаюцца ў айцішнікаў заробкі і вышэйшыя. Наш герой тлумачыць: сфера ў яго спецыфічная.

— Я праграміст убудаваных сістэм, з жалезам тут часцяком стасункі на мовах ніжэйшага ўзроўню (C і Асэмблер). Але з ростам прадукцыйнасці чыпаў на невялікія сістэмы ўжо паўсюль ставяць Linux ды іншыя складанейшыя рашэнні, таму пастаянна мусіш падвышаць свой узровень і вывучаць новае.

Да нядаўняга часу практычна ўвесь заробак Сяргей пускаў на сябе, адкласці нічога не давялося. У Санкт-Пецярбургу грошы ішлі збольшага на здымнае жыллё, адпачынак за мяжой, забавы, тэлефоны і камп’ютары. У Мінску выдаткі скараціліся, бо Сяргей не меўся арандаваць кватэру. Але накапленняў так і не з’явілася. Як высветлілася, у немалыя сумы абыходзіліся хобі.

— Мяне заўжды цікавілі радыёкіраваныя самалёты, абсталяванне для іх нятаннае, рухавікі, батарэйкі — усё гэта каштуе грошай. Апрача таго, займаўся ракетамадэлізмам, а яшчэ адно захапленне звязана з цюнінгам старых амерыканскіх грузавікоў (таксама даволі дарагі занятак). Былі месяцы, калі і па €1500 я на гэтую справу аддаваў, але ў сярэднім €300—400.

Цяпер мае хобі «на замарозцы»: ужо выдаткаваў на іх досыць сіл і сродкаў.
Так выглядаюць грузавікі, на якія раней Сяргей мог патраціць нямала грошай

«На ежу ідзе 200 рублёў, на „камуналку“ — 60»

Таксама Сяргей рэзка прытармазіў з гаджэтамі, паездкамі і іншымі забавамі. Мы папрасілі распавесці, як ён размяркоўвае тыя самыя 500 рублёў.

— На ежу мне хапае рублёў з 200 у месяц: частку прадуктаў купляюць бацькі, часам я даю грошы на агародніну, мяса і г. д. «Камуналку» дзелім на ўсіх — я плачу 60 рублёў. Патрэбны грошы і на розныя рэчы для працы ў выглядзе радыёдэталей — да 100 рублёў. На паліва ідзе каля 50 рублёў — за дзень праязджаю менш за 10 кіламетраў, часта карыстаюся грамадскім транспартам. Ну і траты на дробязі непазбежныя — гэта шчоткі, брытвы і г. д.

— Ці няма ў вас адчування, што вы жывяце за кошт бацькоў?

— Паміж намі ёсць дыялог — сёння яны нешта купілі, заўтра — я, таму такога адчування няма. Хутчэй узнікае дыскамфорт праз тое, што жыву фактычна не на сваёй тэрыторыі. Калі арандаваў жытло, такога не было.

— Дык, можа, і далей здымаць?

— Раней я ставіўся да гэтага проста: ну здымаю і здымаю. Многія так жывуць. Але зараз змяніў сваё бачанне. Калі разлічыць усе выдаткі на жыллё, прыкладам, за 10 гадоў, выходзіць прыстойная сума. За гэтыя грошы можна набыць кватэру, калі пацярпець.

«Калі ёсць акрэсленая мэта, збіраць прасцей»

Па словах Сяргея, абмяжоўваць сябе ў расходах яму было няпроста, асабліва спачатку гэта «нязвыклае адчуванне». Калі-нікалі ўзнікаюць думкі, што трэба тэрмінова штосьці гэтакае купіць, — даводзіцца сябе стрымліваць.

Адной з апошніх буйных пакупак увосень стала жалеза для камп’ютара, але тэхніка неабходна для працы, таму марнатраўствам Сяргей гэта не лічыць. Вясной хлопец плануе вылучыць крыху больш грошай на абнаўленне гардэробу.

— Увогуле, калі ёсць акрэсленая мэта, збіраць прасцей. Адзінае, я хвалююся, што грошы проста назапашваюцца — пажадана іх кудысьці ўкладаць. У мяне былі ідэі ў плане бізнесу. Але пакуль я вырашыў не рызыкаваць і паступова набліжацца да сваёй мэты.

— Па кафэ і паездках не сумуеце?

— Так, раней я вельмі любіў падарожнічаць, тэлефоны часта мяняў, дарагія падарункі дзяўчатам рабіў. Цяпер некаторыя выдаткі самі сабой сышлі на нішто. У кафэ я не хаджу — асабліва няма з кім, усе сябры-знаёмыя — людзі сямейныя. У падарожжы праз каранавірусныя абмежаванні таксама ездзіць пакуль не планую.

«Шкадую, што не пачаў збіраць раней»

Па падліках Сяргея, збіраць яму давядзецца мінімум два гады, а далей можна будзе ўзяць крэдыт на астатнюю суму.

— Пакуль у мяне назапашана толькі €3,5 тысячы, значыцца, я толькі ў пачатку шляху. Але разглядаю самы сціплы варыянт кватэры ў Мінску, шукаю прапановы за кальцавой. Вывучаў рынак, сустракаў жыллё і па €30 тысяч за Сеніцай, таму, мяркую, усё рэальна. Спадзяюся, з часам збіранне сродкаў пойдзе нават хутчэй, ёсць шанец, што здолею павялічыць прыбытак.

— Шкадуеце, што не пачалі адкладаць грошы раней?

— Па шчырасці, так, шкадую. Азіраючыся назад, думаю, што не варта было гэтулькі марнаваць на забавы. Ідэя ўласнага жылля ўзнікала ў мяне і ў Санкт-Пецярбургу, але занадта няпэўная, каб ставіцца да яе сур’ёзна.

Цяпер разважаю такім чынам: калі ў цябе няма жонкі і дзяцей, купля свайго жылля — пытанне выключна дысцыпліны і мэт.

Мы дамовіліся, што час ад часу будзем звязвацца з Сяргеем, каб дазнавацца пра яго поспехі ў дасягненні задуманага. Калі пашчасціць, праз два гады зробім фота беларуса з доўгачаканымі ключамі ад кватэры.

Фінансавы кансультант: «Рэдка ў каго выходзіць доўгі час прытрымлівацца фінансавай дысцыпліны»

З аднаго боку, план Сяргея здаецца цалкам рэальным: яму не трэба здымаць жыллё, а выдаткі на побыт ён дзеліць з бацькамі. Але не забываемся: расходаваць даволі шмат грошай на сябе і свае хобі ў нашага героя ўжо стала звычкай, якая складвалася гадамі. Мы даведаліся, што на гэты конт думае фінансавы кансультант і трэнер Святлана Мурашка.

— Гісторыя вельмі цікавая, і, я ўпэўнена, герой артыкула адужае няпросты шлях. Чаму? Па-першае, у яго ёсць мэта. Гэта вельмі важна. Фінансавая дысцыпліна, як і любая іншая (не есці салодкага, бегаць раніцамі, не завісаць у сацсетках, чытаць больш і г. д.), практычна немагчымая без той самай вабнай мэты, дзеля якой вы будзеце сябе абмяжоўваць.

Мы бачым, што ў Сяргея не нейкая эфемерная мара, а абсалютна пралічаны варыянт. То-бок не проста «хачу сваё жыллё», а маю намер набыць кватэру ў канкрэтным месцы па вось такім кошце.

Па-другое, фінансавая дысцыпліна і, адпаведна, абмежаванні ў выдатках будуць на малой «дыстанцыі». Так бы мовіць, гэта хутчэй спрынт, чым марафон. Усяго два гады — пагадзіцеся, гэта не 10 і не 20. Два гады — той тэрмін, які цалкам можна вытрымаць, скараціўшы свае выдаткі.

Па-трэцяе, у нашага героя няма сям’і і ўтрыманцаў. Аднаму прасцей кіравацца сваімі правіламі. Як жа дасягнуць такой мэты ў сем’ях, калі муж і жонка не дамовіліся між сабой, — гэта ўжо пытанне. Рэалізаваць задуманае яшчэ складаней, калі ёсць дзеці. Мы ўсе ведаем, што на іх цяжка эканоміць.

Па-чацвёртае, герой можа разлічваць на дапамогу бацькоў.

Дадам, што гадамі жыць у такім рэжыме досыць няпроста. Я заўсёды параўноўваю жорсткую фінансавую дысцыпліну са строгай дыетай. Рэдка ў каго выходзіць прытрымлівацца яе доўгі час. Здараюцца зрывы. Таму важна:

1) мець мэту;

2) разумець, колькі яна каштуе і ці па кішэні вам;

3) разлічыць, з якімі сумамі і за якія тэрміны вы можаце яе рэалізаваць;

4) паглядзець, ад якіх выдаткаў можна лёгка адмовіцца;

5) прытрымлівацца гэтага плана непасрэдна да дасягнення мэты.

Мая практыка паказвае, што калі да гэтых пунктаў дадаць кіраванне асабістымі фінансамі ў выглядзе ўліку, аналізу, планавання, кантролю за даходамі і выдаткамі, то ў вас ёсць усе шанцы атрымаць жаданае.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by