24 940
02 февраля 2022 в 18:04
Источник: Вольга Пракоп’ева. Фото: Ганна Іванова

«Хацелася кіберпанка, а не будзённасці». Хлопец з Вілейкі ўклаў $5,5 тысячы, каб гатаваць хот-догі ў глыбінцы

Источник: Вольга Пракоп’ева. Фото: Ганна Іванова

Вецер кідаецца снежнымі камякамі, здзімае шапкі і высільваецца, каб адарваць зайцу вуха. Але нічога не выходзіць: заяц трывала стаіць на вяршыні фуд-трака і не збіраецца здавацца — планы ў яго вялікія, яшчэ трэба карміць Вілейку і наваколле. Мы трапляем у Rabbit House, дзе просты хлопец, не зважаючы на будзённасць і маркоту, ладзіць свой бізнес.

«Я нават не ведаў, што буду гатаваць, — адно купіў трак»

Калі вам ужо даводзілася бачыць гэты фургончык, то павінны яго памятаць: ніякіх спроб зліцца з навакольнай аднастайнасцю, простая ежа і ўсмешлівы ўладальнік. Гэта Сяргей Зянчонак. Па адукацыі ён кухар, паспеў папрацаваць у школе і на заводзе, а цяпер вось займеў свой Rabbit House.

Унутры пах быццам на хатняй кухні — гэта для Сяргея ў пэўным сэнсе і ёсць яшчэ адзін дом, дзе ён мусіць праводзіць палову сутак. Спярша такіх планаў не было, хаця ў хлопца адукацыя повара.

— Пасля школы пайшоў у каледж кулінарыі ў Мінску. На той момант гэта здавалася самым удалым месцам, дзе можна ўсяму навучыцца. У прынцыпе, так яно і атрымалася: з дзвюх з паловай тысяч вучэбных гадзін практыка займала дзве тысячы. Мы ўвесь час гатавалі.

Адвучыўся. Адпрацоўваў у роднай вілейскай школе, пакуль не забралі ў войска. Удзень — кухня, ноччу — мяжа.

На які час вярнуўся ў Вілейку, зноў быў поварам, а там падаўся ў Чэхію.

— Працаваў на Skoda, спачатку на адным заводзе, потым на іншым, што з маёй адукацыяй ніяк не стасавалася. Як гэта адбылося? Калі з’язджалі разам з сябрам, хацелі зарабіць і адкрыць у Вілейцы кавярню. У горадзе на той час, вядома ж, кавярні былі, але нас напаткала думка стварыць менавіта класную кавярню.

Не хацелі ехаць ні ў Мінск, ні ў іншыя буйныя гарады — жадалі адкрыць нешта якраз у Вілейцы.

Пакуль хлопцы здабывалі грошы на мару, іх здолелі апярэдзіць. Файныя месцы ў Вілейцы, дзе яны планавалі адкрыць установу, ужо занялі іншыя людзі са сваімі праектамі.

— Спачатку выпраўляліся ў Чэхію менавіта з мэтай зарабіць на кавярню, але праз пару месяцаў вырашылі там застацца. Пэўную суму я сабраў, але мяне вабілі падарожжы па розных краінах, і тады, натуральна, патрэбны былі грошы на пералёты, таму шмат адкладаць не атрымлівалася.

Праз паўтара года я пачаў надзвычай сумаваць па доме і вярнуўся. А сябар застаўся ў Чэхіі і працуе.

У Вілейцы сустрэўся з таварышамі, яны прапанавалі: давай зробім такі «каблучок» з кавай, адчыняеш дзверцы — і прадаеш. Ні пра якую ежу таго часу гаворкі не было.

Сяргей пагадзіўся паспрабаваць. Але ўсё пайшло па крыху іншым сцэнарыі.

— Сябрук кажа: «Слухай, я знайшоў трак». Ён прадаваўся па ніштаватай цане, прыкладна $3000 па курсе.

Тады я нават не ведаў, што буду гатаваць, — адно купіў трак. Хаця на добры лад трэба наадварот: вырашаеш, якую ежу плануеш рыхтаваць, а пасля ўжо шукаеш абсталяванне.

Разам з тракам дастаўся грыль, і я пачаў думаць, як гэтым усім распараджацца. Знаёмы повар падкінуў ідэю: навошта табе сандвічы, лепш хот-догі, іх няшмат хто робіць. Чаму б і не?

«Гэта філіял Х’ю Хефнера ў Вілейцы?»

У выніку ад пакупкі фуд-трака летам 2020 года да запуску ў маі 2021-га прайшоў фактычна год. Зараз Rabbit House працуе ў Сілічах, але пасля лютага вернецца ў родную Вілейку.

— Запусціцца маглі і хутчэй, але спачатку трак проста стаяў, потым рамантавалі яго, пасля думаў над хот-догамі, лічыў, што не цалкам гатовы. Але шмат знаёмых падбадзёрвалі: давай адкрывайся нарэшце! То-бок гэта не толькі мая заслуга.

Бабуля першая падтрымала: «Давай! Рабі што-небудзь». Так і запачаткавалі справу.

З пастаўшчыкамі разабраліся досыць хутка, дапамог уладальнік іншага фуд-трака. Паміж тымі, хто мае тракі, увогуле ўзнікае нешта накшталт братэрства, хоць, можа, гэта слова і не зусім пасуе, усміхаецца Сяргей.

Як будзе выглядаць ягоны фургончык, хлопец вызначыўся адразу, і заяц быў невыпадковым.

— Калі ў пятым класе прыйшла настаўніца матэматыкі і няправільна назвала маё прозвішча — Зайчаня замест Зянчонак, да мяне прычапілася мянушка — Заяц. Я вырашыў: чаму б не скарыстаць гэта як нейкі асабісты брэнд? Вось так і з’явіўся Rabbit House.

Падзяліўся ідэяй з аднакласніцай, якая займаецца дызайнам, яна прапанавала некалькі варыянтаў. Далей ужо ніякай магіі, самі фарбавалі і дараблялі, чаго не ставала.

— Хацелася кіберпанка, таму абраў такія колеры. Часцяком нас параўноўваюць з Playboy. Мінакі могуць кінуць: «Які пошлы фуд-трак». Калісьці ў горадзе дзеля прышпілу стварылі мем: каля фуд-трака паставілі Х’ю Хефнера і дзяўчат — такі філіял Playboy у Вілейцы. То добра, хай сабе пацяшаюцца, — разважае Сяргей. — Так два лагеры і засталіся. Хтосьці праходзіць і кажа: «Цудоўна, малайцы», а іншы: «Гэта філіял Х’ю Хефнера ў Вілейцы?»

Пытаемся хлопца пра пачатак працы ў родным горадзе і рэакцыю мясцовых.

— Па шчырасці, нават не ведаю, што пра гэта сказаць. Дзень адкрыцця — і адразу пайшлі людзі. У першы тыдзень-два было ажно зашмат пакупнікоў.

Пакуль ты яшчэ не спрактыкаваўся, хапала, вядома, блытаніны, было вельмі цяжка. А потым нічога, прызвычаіліся.

Бадай што ў першыя дні патрапілі ў Мінск.

— Сябар і партнёр яшчэ за тыдзень да адкрыцця запэўніваў: «Мусім ехаць на Vulitsa Ezha». Я яму: «Дзяніс, я не адкрыўся нават, якая „ежа“?» Ён пераканаў мяне, мы напісалі арганізатарам. Потым наведалі Мінск і падрыхтаваліся. У выніку нас паклікалі. Значыцца, я адпрацаваў літаральна шэсць дзён у Вілейцы — і мы ўжо на Vulitsa Ezha.

З Сілічамі таксама выйшаў эксперымент: вырашылі прыехаць сюды на зімовы сезон. То-бок, калі б загадзя ведалі, як урэшце атрымаецца, нават і не рухаліся б, распавядае Сяргей. Усё-ткі кошт арэнды ў раённым цэнтры і гарналыжным комплексе — гэта дзве розныя сумы.

— Вось мінае люты, і зноў будзем у Вілейцы. Я дакладна не хачу працаваць у Мінску. Фестываль ежы — так. Гэта добра, бо там нас могуць заўважыць і запрасіць недзе папрацаваць, напрыклад на карпаратывах.

Ад моманту, калі я ўбачыў аб’яву аб продажы прычэпа, да першага працоўнага дня я ўклаў недзе $5400 па курсе з улікам усяго абсталявання і закупкі прадуктаў. У кастрычніку выйшаў у нуль. У Сілічах праца таксама практычна без прыбытку. Далей пабачым: колькі будзем зарабляць — столькі і зможам укласці ў развіццё.

«Хот-догаў з харчовым золатам дакладна рабіць не будзем»

У меню пяць відаў хот-догаў, вафлі для тых, хто хоча салодкага, і напоі. Што да хот-догаў, хлопец прапануе класічны, сырны, з беконам, востры з марынаванай гароднінай, для дзяцей.

Сяргей меркаваў прыгатаваць і вегетарыянскі варыянт, але пакуль няма гатовага рашэння.

— Глядзеў, як можна зрабіць веганскі хот-дог. Пакласці гародніны ці сасіску без мяса праблемы няма, пытанне — у што пакласці, бо ў булцы ёсць і яйкі, і малочныя прадукты. Словам, тэхналогія яшчэ ў распрацоўцы.

Пакуль фуд-трак у Сілічах, цэны стартуюць ад 4,5 рубля, самы дарагі хот-дог каштуе 6,5. У Вілейцы іх можна набыць на рубель-паўтара танней.

— Усё даволі прыземлена. У мяне няма намеру рабіць хот-дог з харчовым золатам і выстаўляць суперкошты. Перад запускам спрабаваў іншыя хот-догі, думаў, што цікавага прыгатаваць, і ў выніку ў нас атрымаўся свой прадукт. Ізноў жа, трэба разумець: гэта перакус — 10 рублёў для яго, мусіць, крайняя мяжа. Першы месяц ці два нават не ведаў, які ў мяне сабекошт хот-догаў. Я быў у курсе, колькі каштуе булка, каўбаска, на нейкую суму накідваў салаты і гародніны, потым дадаваў столькі ж — атрымлівалася выніковая цана.

Аднак пералічыў, і выйшла, што не, я не зарабляў палову кошту хот-дога.

У Сілічах арэнда абыходзіцца амаль у 600 рублёў, гэта варта ўлічваць: ніхто ж не будзе рабіць бізнес, купляючы за 2 рублі і прадаючы за рубель. Таму тут даражэй, чым у Вілейцы, дзе арэнда разоў у 20 ніжэйшая.

У сезон з траўня па кастрычнік штодня атрымлівалася прадаваць у сярэднім па 50 хот-догаў. Але гэта прыкладная лічба, кажа Сяргей, здаралася, куплялі ў нас і 20, а рэкорд быў 3 ліпеня ў Вілейцы — 371. Нават Vulitsa Ezha не дацягнулася: там з’елі 369 штук.

Сяргей мяркуе, што сярэдняя лічба ў дзень можа быць і большай, але Вілейку трэба крыху ўзварушыць.

— Калі Мінск вылучаецца хоць нейкай культурай стрытфуду, то ў Вілейцы людзі будуць есці на вуліцы, толькі калі пагодна. Бачыў яшчэ адзін фуд-трак, які прыязджаў з намі на Вілейскае вадасховішча, але не ведаю, што потым з ім сталася.

У сталіцы можна кожны дзень кудысьці схадзіць, а для майго горада Масленіца — ужо свята. Потым з траўня пачынаецца сапраўдны сезон, калі людзі хоць куды-нікуды выпраўляюцца.

Была ідэя ладзіць больш забаў для нашага горада, магчыма, нам не хапае чагосьці накшталт «Пясочніцы». Мо я не пра ўсё ведаю, але ў Вілейцы бракуе месцаў для тусовак.

Сам Сяргей чакае лета і вяртання фуд-трака ў родны горад.

— Спякоту прабудзем на Вілейскім вадасховішчы. Пры добрым надвор’і практычна тры месяцы можна жыць на прыродзе. У гэтым таксама ёсць свая рамантыка.

А ўвогуле, наш праект — рыхтык для Вілейкі, не хачу з’язджаць ні ў які вялікі горад. Калі хтосьці надумае набыць франшызу, не буду супраць, але са сваім тракам жадаю працаваць дома.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by