Забарона на разлікі ў валюце не ратуе банкноты ад пашкоджання. Яны сціраюцца, рвуцца, размалёўваюцца дзецьмі і — самае крыўднае — пакрываюцца нейкай цвіллю. Мы сабралі тры гісторыі — адна з іх драматычная, стратная і патрабуе працягу.
Паўзучая дэдаларызацыя адбываецца сама сабой паралельна з дзеяннямі ўрада, які з самага пачатку абраў такую тактыку і яе прытрымліваецца. Рэч у тым, што раней беларускія банкі прымалі сапсаваныя купюры і за працэнт (часам вялікі, часам даступны) рабілі замену. Але зімой-вясной яны масава перасталі працаваць з інкаса з-за немагчымасці памяняць пашкоджаныя купюры ў ЕС ці ЗША на новыя (назавём гэта «лагістычныя праблемы»).
У выніку валютны фонд у краіне старэе, нагадваючы Кубу з яе амерыканскім аўтапаркам. Але гэта адзін з прагнозаў змрочнай будучыні. Канешне, будзем спадзявацца, што не дажывём.
Мы сабралі купюры, якія іх уладальнікі падазраюць у недабраякаснасці і здрадах. Падазрэнні падалі на любую больш-менш зацёртую банкноту.
Аказалася, пераважаюць сярод іх цалкам чыстыя і добрыя. Так што параноіць не трэба. Па выніках кастынгу мы выбралі тры грашовыя гісторыі і звярнуліся з імі да Жанны Кандратовіч, загадчыцы касы аднаго з аддзяленняў «Альфа-Банка».
«Я памыла $100 у джынсах — не наўмысна, проста забылася пра іх. Быў гель для чорнай бялізны і далікатны рэжым мыцця — гэта добра запомніла! Здаецца, Persil», — распавядае першая гераіня.
Усё гэта ашчадна мылася, паласкалася. Успомніла на грошы, ужо калі развешвала штаны.
Купюру высушыла на стале, потым «адпрасавала» кнігай.
— Якасць паперы захавалася, — паціскае плячыма Жанна Кандратовіч. — Навобмацак незразумела, што мытая. Можа, справа ў марцы парашку? Не надта агрэсіўная хімія.
Я б не даведалася, што купюра мытая, калі б вы не сказалі. Давайце глядзець больш пільна.
Усё з купюрай выдатна: каляровыя ніткі на месцы, мікрашрыфт, вадзяныя знакі, ніякага лішняга свячэння ва ўльтрафіялеце — толькі прыемнае цяпло ад ружовага і блакітнага колераў ахоўных палосак.
Купюра нібы супакойвае гаспадыню: усё ў парадку, дзяўчынка, я куплю табе ўсе даброты свету.
А вось прыклад таго, як ззяе светла-блакітным памытая купюра, якой пашанцавала менш.
Захоўвайце грошы ў банку, раяць банкіры.
Яшчэ адзін наш герой зрабіў усё літаральна так.
«Узімку 2020 года я вырашыў, што трэба дыверсіфікаваць назапашванні, зняў частку грошай з рахунку і сабраўся закапаць. Паклаў пачак долараў у звычайны фасовачны пакет з крамы і змясціў яго ў скрынку з-пад гарбаты. Зверху накідаў некалькі пакецікаў з сілікагелем — такія засцерагаюць абутак ад вільгаці. Закапаў прыкладна на паўметра ў пласце пяску. Час ад часу правяраў, як там, — месца было прахалоднае, але сухое».
Франклін на вадзяным знаку выглядае як сумная рыба, але купюра праз паўтара года захоўвання ў зямлі не страціла сваіх уласцівасцей і добрай якасці.
— Спачатку мне здалося, што каляровасць змянілася, але потым паглядзела: нічога не свеціцца. Добры слоік быў? Выпампоўвалі паветра? Закручвалі? — смяецца банкаўскі эксперт. — Я жартую. Калі мы кажам, што грошы трэба захоўваць у банках, гэта не пра слоікі.
Абедзве купюры без праблем прымуць у любым абменніку.
— Да нас нядаўна людзі звярнуліся: захоўвалі ў гаражы $130 тысяч, іх мышы пагрызлі. Вось зараз думаюць, як і дзе мяняць і ратаваць. Так што будзьце асцярожнымі. Грошы мусяць быць у абароце сістэмы — нясіце іх у банк!
І вось абяцаная трагедыя (пакуль).
«Колькі сябе памятаю, столькі гэтая купюра ляжыць у заначцы. Ужо не магу сказаць, адкуль яна ўзялася. Але я не спяшаўся яе мяняць, таму што зручна і займае мала месца. Купюра ляжыць у кардоннай скрыначцы разам з доларамі, польскімі злотымі, украінскімі грыўнямі, лірамі з Турцыі — банкнотамі, якія перыядычна з’яўляюцца і знікаюць. Мы яе не мылі, не насілі ў кашальку, не чапалі», — распавядае няўдачнік дня.
Для даведкі: гэта адна з самых дарагіх купюр у свеце — настолькі, што ў 2014 годзе ЕС вырашыў спыніць яе друк, а ў 2019-м фактычна забараніў выпуск у абарачэнне, асцерагаючыся, што гэта можа паспрыяць развіццю ценявога боку рынку. Але ж купюру ніхто не адмяняў, яна застаецца законным плацежным сродкам.
З нашай штосьці здарылася. Дэтэктар валют бязлітасны.
— Сама купюра ў неблагім стане, натуральнага зносу няма, відаць, што ў абароце яна была мала. Але бачыце, свецяцца плямы? На жаль уладальніка, імі пакрыта занадта вялікая плошча банкноты, — кажа Жанна Кандратовіч. — Я не хімік, не ведаю, што стала прычынай з’яўлення гэтых плям. Можа, бруднымі рукамі бралі, можа, мыльнымі. Факт у тым, што гэтую купюру вы, хутчэй за ўсё, здасце толькі на інкаса (абмен на іншыя купюры ў банку за працэнт. — Заўв. Onlíner). Або паспрабуйце разлічыцца ў Еўропе: гэта мясцовая валюта, якую павінны замяніць.
Што ж яшчэ застаецца рабіць, забіраем купюру і едзем у Еўропу. Потым раскажам, чым скончылася гісторыя.
— Адказнасць і праблемы будуць у тых, хто прыходзіць з фальшывымі грашыма. У такім выпадку супрацоўнік банка абавязаны выклікаць міліцыю. Некалькі гадоў таму гэтая працэдура тычылася нават сувенірнай валюты — так, знаходзіліся бабулі, якія прыносілі сувенірныя грошы. Калі ж казаць пра старыя або сапсаваныя купюры, то вы рызыкуеце толькі тым, што іх не прымуць. Людзі ніколі не прызнаюцца, што памылі ці парвалі грошы... Сцвярджаюць, атрымалі такія ў банку. Гэта, вядома, выключана, — падсумоўвае Жанна Кандратовіч.
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by