«Навошта пераплачваць?» Глядзіце, якія цікавыя рэчы беларусы знаходзяць у сэкандах і на барахолках

360
29 сентября 2022 в 14:36
Источник: Святлана Белавус, Вікторыя Голубева. Фото: Максім Маліноўскі

«Навошта пераплачваць?» Глядзіце, якія цікавыя рэчы беларусы знаходзяць у сэкандах і на барахолках

Источник: Святлана Белавус, Вікторыя Голубева. Фото: Максім Маліноўскі

Да ўжываных рэчаў можна ставіцца па-рознаму: хтосьці лічыць такія пакупкі «ніжэйшымі за сваю годнасць», а камусьці ў радасць пакапацца на барахолцы або ў развалах сэканда. Антон і Аляксандра сышліся на тым, што абодва любяць вінтажны стыль і незвычайныя рэтраштучкі. Дзякуючы барахолцы ім удалося за невялікія грошы надаць шарм самай звычайнай здымнай аднапакаёўцы. Сэкандамі маладыя людзі таксама не грэбуюць — прыкладна на 60% іх гардэроб складаецца з карыстаных рэчаў. Разам з тарыфам «Бясконцы» ад life:) расказваем, якімі знаходкамі асабліва ганарацца мінчане, і дзелімся лайфхакамі па выгадным шопінгу.

Хацелі нядорага абставіць здымную кватэру — і панеслася

У гасцях у Антона і Аляксандры адчуваеш сябе быццам у музеі: рэтрадэталяў так шмат, што спачатку разбягаюцца вочы. У куце шчабеча канарэйка, з радыёлы гучыць савецкая музыка. Мы садзімся ва ўтульныя фатэлі з драўлянымі падлакотнікамі і спрабуем зразумець: адкуль у маладых людзей (25 і 27 гадоў) такая цікавасць да стылю рэтра?

— Напэўна, у гэтым плане мы сышліся з Сашай, нам падабаецца спалучаць вінтажныя рэчы з сучаснымі, — расказвае Антон. — А пачыналася ўсё з самых звычайных савецкіх фатэляў, якія вельмі доўга стаялі ў майго дзядзькі ў прыватным доме і былі дабітымі ўшчэнт. Мы іх забралі, купілі тканіну і замацавалі яе стэплерам, дрэва пакрылі марылкай і лакам. Рублёў за 100 атрымалася пара для гасцёўні. Калі купляць гатовы фатэль, ён каштуе рублёў 400 мінімум.

— Вядома, вопыту ў рэстаўрацыі ў нас было нуль. Ну, як атрымалася, так атрымалася, — бянтэжыцца Аляксандра.

Першая пераробка натхніла маладых людзей на пошукі свайго стылю ў інтэр’еры. Як высветлілася, на барахолках прадаецца шмат вінтажных рэчаў — іх можна самастойна рэстаўраваць і такім чынам уладкоўваць утульнае гняздзечка. Усё гэта з мінімальнымі выдаткамі, бо ніхто не жадае сур’ёзна ўкладвацца ў здымнае жыллё.

— Мы заехалі сюды паўтара года таму, — успамінае гераіня. — Першапачаткова гэта была просценькая кватэра для здачы. Мы дамовіліся з гаспадыняй, што самі зробім невялікі рамонт. Сарвалі шпалеры і ўбачылі пад імі прыгожыя парталы з фотапаперы — вырашылі іх пакінуць. Я сама размалявала сцены ў прыродным стылі: вучылася ў мастацкай школе, таму рукі памятаюць, як гэта робіцца.

На ўвесь рамонт, у тым ліку змену электраправодкі, пайшло каля $1200. А далей трэба было напоўніць пакоі мэбляй. Да адрэстаўраваных фатэляў Антон і Аляксандра знайшлі на барахолцы стыльны часопісны столік — каштаваў ён усяго 70 рублёў.

— Столік хоць і сучасны, але нам выдатна падышоў. Сюды ж добра ўпісалася савецкая радыёла «Рыгонда». Яна працуе — мы слухаем пласцінкі, калі прыходзяць госці. Такіх радыёл, дарэчы, на барахолцы даволі шмат, таму прадаюцца яны адносна нядорага. Мы сваю набылі за 70 рублёў.

Яшчэ адзін прадмет гонару — гэта савецкі «жаночы бар». Арыгінальнае шкло, падсветка, тканіна, якой абшыта задняя сценка, — усё ў гэтай рэчы цешыць новых гаспадароў. Каштаваў бар каля 100 рублёў.

За шклом захоўваюцца не менш каштоўныя знаходкі. Антон дастае незвычайныя навобмацак шклянкі. Мінчане прывезлі іх з «Поля цудаў» у Ждановічах. За камплект з чатырох штук заплацілі ўсяго 10 рублёў.

Аляксандра спяшаецца паказаць сваю ікорніцу з бара — купіла яе ў Instagram у жанчыны, якая возіць вінтажныя рэчы з Еўропы.

— Ікорніца, калі шчыра, нятанная — каля 55 рублёў, але на ёй нават проба стаіць, таму што ёсць нейкая колькасць срэбра. Лыжачку дакупляла асобна — за 21 рубель. На прадметы дэкору я трачу даволі шмат: калі падабаецца штосьці, не магу ўтрымацца. Але гэта не кожны месяц. Хутчэй спачатку хацелася напоўніць інтэр’ер чымсьці асаблівым, — тлумачыць дзяўчына.

Сярод элементаў дэкору ёсць рэчы, якія не каштавалі ўвогуле нічога. Напрыклад, вазон з алімпійскім мішкам хлопец і дзяўчына забралі з дачы — ён валяўся там, нікому не патрэбны. Святламузыку для Аляксандры знайшоў на сметніцы дзядуля. Пасля невялікага рамонту яна стала як новенькая — зараз ёсць чым здзівіць гасцей.

— Мой дзядуля — аматар пазбіраць усялякае, можа, я ад яго нейкія рысы пераняла, — смяецца беларуска. — Мама таксама любіць хэнд-мэйд і зрабіла для нас фіранкі з вінных коркаў — яны выдатна пасуюць да нашага інтэр’ера.

«Самае салодкае на барахолках — гэта распродажы»

У кухні першапачаткова стаяў стары і нязручны савецкі буфет — такім рарытэтам не захацелі карыстацца нават нашы героі і самі размясцілі аб’яву аб продажы. За сімвалічныя 20 рублёў хутка знайшоўся пакупнік. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін лайфхак: калі рэч вельмі габарытная і вам лянота вывозіць яе на звалку, паспрабуйце даць аб’яву. Магчыма, камусьці яна патрэбна нават у такім непрывабным выглядзе.

На месца старога буфета маладыя людзі ўстанавілі самы танны гарнітур, а далей ужо пачалі праяўляць фантазію. Лядоўню, якая бясплатна дасталася ад сястры, пафарбавалі балончыкам і прыляпілі да яе значок «Дняпро». Мікрахвалёўку і імбрычак купілі новыя, але таксама ў рэтрастылі.

Канапа прыехала сюды з бара на Зыбіцкай, дзе распрадавалі мэблю перад закрыццём. Разам з люстэркам ручной працы нашы героі купілі яе за 520 рублёў. Новая такая канапа каштуе ўдвая даражэй.

— Мы ў ёй проста душы не чуем, калі будзем пераязджаць, абавязкова забяром з сабой. Дарэчы, распродаж мэблі з офісаў і рэстаранаў — гэта самае салодкае, на што можна натрапіць на барахолках. Лепш прама і пісаць у запытах: распродаж — звычайна так шукаюць самыя выгадныя прапановы.

Класічныя савецкія банкі для крупаў пара забрала ў бабулі на «Полі цудаў». Заплацілі па 2 рублі за штуку і зараз хочуць сабраць поўны камплект.

Але не думайце, што ўсе астатнія рэчы на кухні каштуюць так танна. Напрыклад, сальніцу і перачніцу ў выглядзе сабак, якія цалуюцца, прадавец ацаніў у 60 рублёў. Гасцявы набор лыжак Аляксандра забрала за 40 рублёў. На шведскую супніцу і падстаўку для чарпака давялося і зусім раскашэліцца: пакупка абышлася ў 105 рублёў. Посуду ўжо больш за 100 гадоў, ёсць адпаведнае кляймо. Трымаць такія талеркі ў руках — ні з чым не параўнальнае задавальненне, кажуць хлопец з дзяўчынай.

Барныя крэслы для кухні маладыя людзі ўжо па традыцыі абшывалі тканінай самі (знайшлі ў колер канапы). Паліцу для келіхаў прынеслі са сметніцы.

— Мы ўбачылі яе ля пад’езда, забралі сабе і пафарбавалі. Выглядае крыху недарэчна, але нам падыходзіць. Яшчэ адной паліцай у нас будзе лангборд — мы дошку ўжо купілі, але пакуль не прыдумалі, куды павесіць. У іншых пакоях таксама пакрэатывілі. У прыбіральні, напрыклад, трымальнікам для паперы стала мая старая электрагітара, — усміхаецца Антон. — Збіраў на яе ў юнацтве тым, што прадаваў усё запар з татавага гаража, таксама на барахолцы.

Гарталі барахолку, як стужку Instagram

Нашы героі прызнаюцца: каб абставіць кватэру ў вінтажным стылі, яны падоўгу завісалі на барахолках і ў профільных групах у сацсетках. Як многія рэгулярна гартаюць стужку Instagram, так і яны маніторылі аб’явы. Калі пачынаеш паглыбляцца ў гэтую тэму, з’яўляецца сапраўдны азарт.

— У мяне ёсць любімы сакваяж, з якім я хаджу на бадмінтон, — распавядае Антон. — Купіў яго за 30 рублёў. Калі размясцілі аб’яву, аказалася, што я другі ў чарзе, а за мной чалавек дзесяць. Я засмуціўся, але потым мне патэлефанавалі і сказалі прыязджаць. Я імгненна прыляцеў, хаджу па краме — і тут бачу, што нейкая дзяўчына ўжо стаіць і разглядае сумку. Кажу: «Я дзіка выбачаюся, але тут чарга». Прапанаваў зладзіць аўкцыён, але дзяўчына адмовілася, і я шчаслівы пайшоў дадому. Цяпер у гэтай сумцы проста душы не чую.

Сакваяж, за які разгарэлася неабыякая барацьба

Не менш за сакваяж Антон любіць свае рэтраакуляры. Па словах хлопца, знаёмыя ўжо не ўяўляюць яго з класічнай аправай — настолькі добра аксесуар упісаўся ў яго вобраз.

— Усе свае вінтажныя акуляры я знайшоў на барахолцы. Адны купіў у жанчыны 1953 года нараджэння, яна патлумачыла, што прадае бацькавы акуляры. Каштавалі, калі не памыляюся, рублёў 50. Я нашу іх у оптыку, якая бярэцца за любыя пераробкі, і мне ўстаўляюць сучасныя лінзы для зроку. Атрымліваецца вельмі стыльна і нядорага.

У Аляксандры таксама ёсць рэтрааксесуары — срэбныя пярсцёнкі ад цёткі.

— Проста ёсць людзі, якія пазбаўляюцца ад старызны, а ёсць тыя, хто яе збірае. Вось у нас з цёткай так выйшла: я забрала яе старыя пярсцёнкі і з задавальненнем нашу.

Як сапраўдныя знаўцы рэтрарэчаў, маладыя людзі не абыходзяць і крамы сэканд-хэнду. Працэнтаў на 60 гардэроб у Антона і Аляксандры складаецца з карыстанага адзення і абутку.

— Мяне з самага дзяцінства мама апранала ў сэкандзе, — прызнаецца Антон. — Я гэтага ні кропелькі не саромеўся. Калі ўсе хадзілі ў нечым аднатыпным, у мяне быў касцюм з тэлепузікамі! А калі стаў падлеткам, мы з хлопцамі пачалі знаходзіць у сэкандах якасную футбольную форму ад вядомых каманд. Таму ў мяне з дзяцінства такая асацыяцыя, што ў сэкандзе заўсёды можна знайсці нешта класнае.

На Антоне гольф, пінжак і штаны з сэканда. Увесь вобраз каштаваў каля 100 рублёў

«Галоўнае правіла сэканда — не ісці туды з канкрэтнай мэтай»

Антон працуе сістэмным адміністратарам, Аляксандра — графічным дызайнерам, абодва зарабляюць вышэй сярэдняга і маглі б лёгка купляць толькі новыя рэчы. Але маладыя людзі разважаюць інакш: навошта пераплачваць, калі можна гэтага не рабіць? Апроч эканоміі, сэканды даюць ім магчымасць знайсці арыгінальныя рэчы, якія наўрад ці сустрэнеш у суседняга хлопца ці дзяўчыны ў метро.

— Галоўнае правіла сэканда — туды нельга хадзіць за чымсьці канкрэтным. Калі табе патрэбныя джынсы, лепш пайсці ў звычайную краму і мэтанакіравана іх купіць. А ў сэканд можна зайсці і нічога не набыць, а ў іншы дзень лёгка сабраць цэлы лук — тут не ўгадаеш.

Нядаўна Аляксандра купіла адразу тры рэчы: штаны, байку і шалік. Усё разам каштавала 60 рублёў

Нашы героі імкнуцца хадзіць у сэканды ў дзень прывозу, але за брэндамі не ганяюцца (у адрозненне ад тых, хто стаіць у чэргах перад адкрыццём і мэтанакіравана закупляецца рэчамі для перапродажу).

— Мы такой мэты для сябе не ставім. Зрэдку знаходзім нешта брэндавае — вось, напрыклад, фірменныя «канверсы». Я купіў іх рублёў за 20 у дзень максімальнага распродажу. Яны былі новыя, з бірачкамі, напэўна, ніхто не зацаніў «леапарда». А я вырашыў, што за 20 рублёў і леапардавыя панашу, — смяецца хлопец.

— А гэта скураныя «вансы». Я купіла іх у той жа дзень рублёў за 40. Не новыя, але былі ў нядрэнным стане. У мяне няма нейкай гідлівасці да ношанага абутку. Калі рэч падабаецца, ніякіх праблем, — кажа дзяўчына.

Спецыфічны пах сродку, якім апрацоўваюць рэчы з сэкандаў, маладых людзей не бянтэжыць. Яны запэўніваюць, што пасля мыцця-двух і праветрывання на балконе ўжо не зразумееш, дзе была набыта гэта рэч.

— Калі знаходзіш якую-небудзь файную шмотку, гэта асаблівы кайф. Я неяк хадзіў на карпаратыў у арыгінальным калядным швэдры з «Поля цудаў»: калі рухаешся, на ім лямпачкі свецяцца. Калегі потым пыталіся, ці можна ўзяць панасіць. Вось у плане такіх нібыта недарэчных і незвычайных рэчаў сэканд проста агонь, — запэўнівае Антон.

На барахолках таксама можна знайсці цікавае адзенне і аксесуары. Вось такую рэтрасумачку Аляксандра прывезла з Гомеля — каштавала яна ўсяго 20 рублёў.

— Наогул, калі мы едзем у іншыя гарады, абавязкова маніторым напярэдадні барахолку. У рэгіёнах усе гэтыя рэчы прадаюцца танней, чым у Мінску, таму заўсёды можна знайсці нешта цікавае.

Маладыя людзі не спрабавалі лічыць, колькі эканомяць дзякуючы барахолкам і сэкандам. З адзеннем выгада ёсць адназначна, з інтэр’ернымі штучкамі ўсё трохі складаней. З улікам таго, якую калекцыю прадметаў дэкору беларусы сабралі ў сябе дома, сума набегла ўжо добрая. З іншага боку, усе гэтыя рэчы ствараюць атмасферу ўтульнасці ў недарагой здымнай аднапакаёўцы, што само па сабе каштоўна. Нямногія сем’і, якія здымаюць жыллё за $250 у месяц, жывуць у камфорце і з радасцю прымаюць у сябе гасцей.

— Нам падабаецца акружаць сябе прыемнымі рэчамі, без гэтага ўжо складана ўявіць сваё жыццё. Zara Home — гэта, вядома, прыгожа, але вы бачылі, якія скарбы можна знайсці на барахолцы? — адзначае Аляксандра.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by