«Прасцей за ўсё прадаць чорны заплечнік, але гэта нуда». Адкрыў бізнес за $100, а ён і стрэліў

22 054
18 мая 2023 в 9:42
Источник: Вольга Пракоп'ева. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева

«Прасцей за ўсё прадаць чорны заплечнік, але гэта нуда». Адкрыў бізнес за $100, а ён і стрэліў

Источник: Вольга Пракоп'ева. Фота: Максім Маліноўскі. Пераклад: Вікторыя Голубева

Не кожны студэнцкі бізнес вырастае ў штосьці сур’ёзнае, але наша сённяшняя гісторыя менавіта такая. Адзінаццаць гадоў таму Фёдар Шылін рабіў першую вокладку для пашпарта на мамінай швейнай машынцы і не ведаў, ува што гэта выльецца. Днём працаваў, увечары развозіў замовы, потым усё закруцілася. Урэшце атрымаўся брэнд Vokladki — вядомыя заплечнікі з Чыжоўкай, Чырвоным панадворкам і Зыбіцкай.

«Вучыўся на лагіста, у выніку не прапрацаваў ім ні дня»

Першая вокладка для пашпарта, вырабленая самім Фёдарам, ляжыць недзе дома. «Першы блін камяком, я і шыць тады як след не ўмеў», — смяецца хлопец.

Цяпер вокладкі адышлі на другі план: іх пацяснілі заплечнікі, якія сталі асноўным прадуктам брэнда. Але першапачатковая назва захавалася.

— Я быў на трэцім курсе, калі пачаў рабіць вокладкі для пашпарта. Днём шыў, увечары развозіў. Прадаваў знаёмым, прасоўваў тавар ва «УКантакце» — і ўсё закруцілася. У канструктары распрацаваў сайт. Памятаю, ён быў страшны, але вокладкі куплялі, справа пайшла, і нават нядрэнна.

Фёдар атрымаў дыплом лагіста, але ён так і не спатрэбіўся.

— Калі паступаў, гэта была модная спецыяльнасць. Патрапіў у першы набор у БДУ — магчыма, таму ніхто дакладна не ведаў, як трэба навучаць. Калі быў на практыцы ад універсітэта, зразумеў, як сумна гэтым займацца. Відаць, трэба сказаць дзякуй, што своечасова змяніў сферу.

Пасля ўніверсітэта па спецыяльнасці не пайшоў, у працоўнай кніжцы дагэтуль адзін запіс.

Пытаецеся, як я зразумеў, што трэба рабіць бізнес? Спачатку ўкладанні былі невялікімі — можа, сотня долараў. Пасля першага прыбытку з’яўляецца рызыка, а далей — як махавік: грошы рухаюць грошы, і да гэтага ўжо не ставішся як да хобі.

Чаму стрэлілі вокладкі, тады было незразумела, але трэба было пашырацца і шыць нешта яшчэ. Узбуйненне здарылася ў 2015 годзе, калі на працу прыйшла першая швачка.

— Я сам хадзіў на курсы і вучыўся, бо шыў сапраўды дрэнна. Прафесійная швачка пашые лепш і хутчэй. Напэўна, я здаўся і больш не ўдасканальваў навыкі. Але стэрэатып, што шыццё не для мужчын, не раздзяляю. Чаму хлопчыкі мусяць рабіць табурэткі, а дзяўчынкі — шыць? Хоць табурэткі — гэта таксама цікава.

Для маштабавання бізнесу адзенне не падыходзіла: давялося б улічваць памеры, асаблівасці фігуры і іншыя нюансы. Ідэю падкінула дэнамінацыя 2016 года, калі ўсім тэрмінова спатрэбіліся манетніцы.

— Іх карысць не вельмі зразумелая, але быў попыт, шылі іх скрыначкамі, — распавядае Фёдар.

Аднак мінуў і іх час. Ці то манеты сталі штодзённасцю і проста асядалі ў кішэнях, ці то аб’ём рынку вычарпаўся, але прыкладна праз год попыт рэзка знізіўся. А абсталяванне і нанятыя супрацоўнікі засталіся.

— Гэта быў складаны момант. Калі ўсё ішло добра, крыху расслабіўся, а тут такое. І вось вырашылі шыць заплечнікі. Натуральна, рабіць іх не ўмелі, першыя выходзілі не асабліва. Мы не зусім разумелі, на чым эканоміць можна, а на чым нельга, якія тканіны лепш выкарыстоўваць.

У выніку навучыліся самі. Але калі б я пачынаў усё спачатку, то адразу запрасіў бы дасведчанага чалавека.

«Прынт годны, але зусім не камерцыйны»

Вокладкамі для пашпартоў людзі цікавіліся яркімі, стракатымі — здавалася, што і заплечнікі патрэбны такія ж. Атрымалася наадварот: прасцей за ўсё прадаць класічную аднатонную рэч — чорную, белую, бэжавую. Але фішкай Vokladki сталі якраз прынты.

Іх робяць ілюстратары, сюжэты час ад часу мяняюцца: нешта разлятаецца за пару тыдняў, а штосьці трэба распрадаваць досыць доўга.

— З прынтамі заўсёды незразумела, стрэліць ці не. Ёсць надзвычай годныя, але зусім не камерцыйныя — напрыклад, вось гэтыя два. Проста файныя!

Часам бывае, што прынт прабыў хітовым месяц, а потым усё, цікавасць знікла. Выйшлі з ім у Instagram, рэзка 20—30 штук трэба пашыць, усе хочуць — потым гэтак жа раптоўна хваля сыходзіць на нішто.

Мне зрабілі заплечнік з прынтам у адзіным экзэмпляры ў павялічаным памеры. Часам прыходзіў з ім, вешаў, і многія пыталіся: «Ух ты, які заплечнік, а колькі каштуе?» — «Не-не, гэта мой». — «Ваў, а дзе купіць?» І так увесь час.

У выніку атрымалася партыя — а яны нікому не патрэбныя. Цяпер распрадаём — і, здавалася б, дзе ўсе гэтыя людзі, якія хацелі іх набыць? — усміхаецца Фёдар.

Вось прыклад мегапапулярнага прынта. Ніхто і не падазраваў, што ён будзе хітом.

А гэта папулярная Чыжоўка. Заплечнікі з прынтам раскупілі, трэба шыць яшчэ, вось вокладка для пашпарта.

— Дзякуй богу, я не жыў у Чыжоўцы, — жартуе Фёдар. — Але адкрыю сакрэт: гэта не Чыжоўка, а проста намаляваная панэлька. Заплечніку трэба было прыдумаць простую назву ў гонар раёна з хрушчоўкамі, які б асацыяваўся з Мінскам. Можна было назваць «Грушаўкай», але Грушаўка ўжо не тая, таму выбралі Чыжоўку. Так, часам купляюць жыхары менавіта гэтага раёна, але, па сутнасці, дзясятая частка краіны жыве ў падобных месцах, таму заплечнік можна называць як заўгодна.

Дарэчы, як паказала практыка, самыя ўдалыя назвы новым прадуктам прыдумляюць швачкі.

— Для чахла прапанавалі «Зебра Party», але паміж швачкамі ўжо ходзіць «Тоўстая зебра». Можна прыдумляць нешта прыгожае кшталту «Узыходзячы закат», але калі швачкі будуць называць заплечнік з хаткай проста «Дома», то гэта і ёсць лепшы варыянт.

Мне падабаецца гэты прынт, хоць я ўпэўнены, што ён не стане хітом.

З апошняга — крос-рол «Вясёлка ўстала над палямі» з радкамі Петруся Броўкі.

— Цяпер у розных ілюстратараў замовіў кучу прынтоў па беларускай тэме. Планую, што амаль усе яны будуць такой жа скіраванасці. Гэта добра, цікава. Мы, вядома, адразу адразаем сябе ад расійскага рынку, але не шкадую, будзем тут прадаваць.

Дзевяноста адсоткаў пакупнікоў брэнда — гэта мінчане, з гэтым складана нешта зрабіць, кажа Фёдар. Але ў прынты трапляюць сюжэты з розных рэгіёнаў.

Хутка на заплечнікі прасунецца і Камароўка з галубамі. У гэтай жа серыі будуць качкі на Свіслачы і каты сярод панэльных дамоў.

«Нават у канструктары ўмудраюцца збіраць чорны заплечнік»

Яшчэ адной адметнасцю брэнда стаў канструктар заплечнікаў: кліент сам выбірае форму, памер, колеры, прынты і дэталі вырабу, а далей справа за швачкамі. Калісьці Фёдар убачыў такое рашэнне для красовак — і пачаў шукаць нешта падобнае ў сваёй сферы.

— У Беларусі такога не знайшоў, расійскі варыянт зусім не падыходзіў, у Амерыцы нешта аналагічнае бачыў, але магчымасцей там нягуста. Гэтыя кампаніі выкарыстоўвалі канструктар як другарадную рэч, а я вырашыў зрабіць на яго стаўку.

Як ён павінен выглядаць, я не ведаў. Дамовіўся са спецыялістамі з Гродна, што зробяць просты канструктар. Потым шмат разоў удасканальвалі — цяпер ён класны.

У канструктары можна сабраць розныя спалучэнні кветак і прынтоў, прычым некаторыя здольны здзівіць нават Фёдара.

— Часам ператэлефаноўваем: ну напэўна ж чалавек памыліўся! Хоць перад замовай канструктар паказвае гатовы заплечнік. Але не, пакупнік абраў менавіта такое спалучэнне…

У канструктары ўмудраліся замовіць чорны заплечнік. Мы званілі, казалі, што ён у наяўнасці і таннейшы, вярталі грошы. І гэта не адзіны такі выпадак.

А яшчэ хапае аматараў каляровых падкладак, хоць, здавалася б, ніхто гэтага не бачыць. Можа, людзі саромеюцца яркіх рэчаў, але вельмі хочуць іх насіць, а гэта нейкі кампраміс. Сабраць у канструктары чорны заплечнік з падкладкай вырвівока — гэта даволі папулярная замова.

Усе жадаюць хадзіць у чорным, а для сябе хочацца ж разнастаіць рэч фарбамі. Думаю, таму карысталіся попытам вокладкі для пашпарта: яны не заўсёды навідавоку, можна купіць і каляровую.

Дадамо ў канструктар яшчэ рандамайзер: функцыя падкіне ідэю, калі чалавек трохі разгубіцца, падштурхне яго фантазію. 

Для каго такія заплечнікі? Калісьці Фёдар у магістарскай працы лічыў сярэдні ўзрост свайго пакупніка — атрымалася 24 гады.

— Што я пасталеў — гэта дакладна, а аўдыторыя прыкладна такая ж і засталася. Думаў, сярэдні ўзрост можа быць меншым, насамрэч жа купляюць розныя людзі — ад 30 да 40. Не варта лічыць, што гэта для дзяцей, школьнікаў і падлеткаў, мы свядома не чапаем гэтую аўдыторыю.

Збольшага купляюць дзяўчаты, але часам і хлопцы, прычым таксама бяруць з прынтамі. Дзяўчаты іншы раз замаўляюць хлопцам у падарунак, прыглядаюцца пераважна да чорных.

Я не навязваю пакупнікам свае густы, але калі-нікалі схіляю да думкі: дарма вы думаеце, што мужчыны жадаюць выключна чорныя заплечнікі!

У цэлым рады, што людзі ўсё ж імкнуцца да чагосьці больш яркага, а мы дапамагаем.

Як у любым бізнесе, даводзіцца задумвацца пра навінкі. У пастаянных пакупнікоў па тры-чатыры заплечнікі брэнда, чахол для ноўтбука і нешта яшчэ па дробязі — пяты заплечнік ім не патрэбен.

— Калі новыя рэчы прадаюцца па пяць штук у месяц, то сэнсу ў гэтым няма. Вось, напрыклад, касметычка-чабурэк была правалам. Зрабілі крыху, дваццаць штук, а купілі ў нас бадай тры. Потым мы яшчэ год распрадавалі.

Зусім іншая гісторыя ў скруткаў для семак, якія пашылі проста дзеля кадра ў Instagram, а людзі сталі пісаць і пытаць, як купіць.

— Я папярэджваў, што зроблена абы-як, проста для здымкі, а жадаючых усё большала. Жартаваў, маўляў, заламаем цану, 50 рублёў паставім, каб людзі зразумелі, што ім гэта не трэба. А яны такія: добра, згода.

Пашылі чахол для сена, зладзілі вяселле з заплечнікам

Асноўнае прасоўванне цяпер ідзе праз сарафаннае радыё і Instagram, які дазваляе крыху пасваволіць.

— У Instagram ўкладаем безліч сіл, ідэі ў галаве — літаральна ў чарзе. Часам нешта нараджаецца выпадкова: проста ехаў, убачыў стог, вырашыў, што зробім для яго чахол.

@vokladki.by

З’ездзіў тройчы: першым разам з рулеткай зняў меркі, потым з чахлом, які сам шыў, і, нарэшце, з фатографам для здымкі (а пятай раніцы, каб не выглядаць дзівакамі).

Чахол, дарэчы, потым перакроілі ў заплечнікі.

З гэтай жа серыі хуліганства і вяселле з заплечнікам — роставай лялькай. Без банкета ўсё каштавала прыкладна 1000—1500 рублёў.

Бізнес з 2012 года перажыў некалькі крызісаў. Цяпер у камандзе Vokladki 13 чалавек.

— Складана было наняць першага чалавека. Хоць я зразумеў, што трэба было зрабіць гэта яшчэ раней. У самым пачатку, толькі пасля ўніверсітэта, не ведаў, як кіраваць, як заробкі плаціць. А потым надзвычай цяжка кагосьці ўпершыню звольніць.

Шмат спатыкаліся. Мог бы ўсё і кінуць. Гучыць банальна, але на памылках вучышся, я б усё роўна іх нарабіў. Не прачытаў дамову — цябе абжулілі. Яно і добра, што так здарылася. Атрымаў навуку.

Усё зачыніць хацелася не раз. Гэта такая хваля: у несезон продажы падаюць — з'яўляюцца думкі, што трэба згортвацца, потым здараецца рост, і зноў уніз. Цяпер спакайней, таму што мы ўжо не раз праходзілі крызісы. Высокі сезон для нас — лета, у жніўні пік продажаў, у снежні таксама добра купляюць для падарункаў.

З карпаратыўнымі замовамі Фёдар стараецца працаваць мінімальна, а вось калабарацыі з іншымі брэндамі цікавыя.

— Калі хочам яшчэ і развіваць свой брэнд, трэба або ўдвая пашыраць вытворчасць для карпаратыўных замоў, або адмаўляцца ад іх.

Пашыць 400 заплечнікаў для адной кампаніі — гэта сумны рынак. Заробім грошай, але брэнда ў гэтым няма, там ён не патрэбен.

Мы шылі карпаратыўныя заплечнікі летась. Баяліся, што не будзе звычайных замоў, таму пагаджаліся. Аказаліся з пустымі паліцамі, бо не ўгадалі: попыту хапала. У гэтым годзе вырашылі, што будзем шыць для сябе, хоць і атрымліваем парадкам запытаў на чорныя заплечнікі з лагатыпам.

Кошты на заплечнікі ў краме брэнда пачынаюцца ад 70 рублёў. У канструктары можна сабраць ад 100 — даражэй, чым звычайна, але цана пад’ёмная, лічыць Фёдар.

— Наогул, правільна параўноўваць заплечнікі не па кошце, а паводле таго, годныя яны ці не за свае грошы. Ёсць варыянты за $200—300, а можна і за 40 рублёў нешта знайсці.

Мы купляем дарагія прынты, робім здымкі, арандуем памяшканні — усе гэтыя выдаткі не дадуць паставіць самую нізкую цану на рынку. І, натуральна, для змяншэння кошту трэба будзе ахвяраваць якасцю, а мне гэтага не хочацца. Мы дадалі ў заплечнік кішэні — хай ён стаў даражэйшым, затое палепшыўся. Тыя, каму трэба танней, знойдуць і купяць такую рэч без праблем.

У прэміум-сегмент мы таксама не ідзём, там і прасоўванне іншае. Што тычыцца заплечнікаў за 900 рублёў, там фокусы з чахлом не працуюць, з дарагімі таварамі ўсё па-іншаму ўладкавана.

Мы набліжаемся да таго, каб рабіць больш беларускіх прынтоў, але без васількоў, арнаменту і буслоў. Вось панэлька — у ёй быццам няма нічога асаблівага, але яна родная сэрцу. Або «Дэпо» — не сказаць, што гэта прама пра Беларусь, але таксама штосьці блізкае і зразумелае.

— Ці можна зрабіць гэтыя заплечнікі таннейшымі?

— Тады гэта будзе іншая мадэль. Навошта нам у такім выпадку траціцца на памяшканне ў цэнтры Мінска, Instagram, здымкі ды іншае? Можна зрэзаць усе маркетынгавыя выдаткі, з’ехаць кудысьці ў Баранавічы, купіць прасцейшы матэрыял і, як на заводзе, штабнаваць чорныя заплечнікі. Тады атрымаецца танней.

Але спаборнічаць з такой бізнес-мадэллю няма сэнсу, лічыць Фёдар.

— Звычайны чорны заплечнік можна купіць дзе заўгодна і за колькі заўгодна, таму мы не збіраемся з імі канкурыраваць. Мы прыйдзем і будзем 1001-мі.

Хачу развіваць брэнд, гэта гульня ўдоўгую. Нашыць чорных заплечнікаў — найпрасцейшы варыянт, а яшчэ лепш у Кітаі купіць і прадаваць. Але што гэта за нуда такая?

55" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED (WOLED), частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, Dolby Vision, HLG, Dolby Atmos, AirPlay, Wi-Fi, смарт пульт

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by