«Менеджары Prada былі ў захапленні ад таго, што мы робім». Гэтыя беларусы ствараюць дарагія эксклюзіўныя сумкі

627
21 июля 2023 в 16:09
Источник: Алена Туравец. Фота перададзены героямі публікацыі

«Менеджары Prada былі ў захапленні ад таго, што мы робім». Гэтыя беларусы ствараюць дарагія эксклюзіўныя сумкі

Источник: Алена Туравец. Фота перададзены героямі публікацыі
Напишите отзыв на товар и получите шанс выиграть робот — мойщик окон

Быць першаадкрывальнікамі няпроста: няма ў каго падгледзець ідэю, незразумела, у каго вучыцца. Іван і Марына Еўжыкі сцвярджаюць, што яны першымі сталі рабіць сумкі з устаўкамі з дрэва і эпаксіднай смалы з сухацветам. Ніякай спецыяльнай адукацыі ў іх не было: яна маркетолаг, ён вясельны фатограф. Яны так моцна марылі стварыць сваю майстэрню, што ў іх усё атрымалася. Іх сумкі купляюць не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце (падлічана: свае вырабы сямейная пара адправіла ў 37 краін). Пра свой шлях стваральнікі Feeling Trees распавялі ў інтэрв’ю Onlíner.

«Самая першая праца дагэтуль вісіць у нас у майстэрні ў якасці прыкладу таго, як рабіць нельга»

Усё пачалося не з сумак.

Іван, працуючы фатографам на святах, любіў на працоўныя здымкі апранаць гальштук-матылёк. Неяк убачыў у інтэрнэце матылька з дрэва і загарэўся ідэяй зрабіць нешта падобнае для сябе. Раздабыў ламель, зрабіў чарцёж, выпілаваў фігурку наждачкай. Нешта атрымалася, але Іван усё думаў, што можна было і лепш. Угаварыў жонку на куплю электралобзіка і бормашынкі і пагрузіўся ў сваё новае хобі — выраб гальштукаў-матылькоў з дрэва. У тыя часы (гаворка пра 2014 год) падобныя аксесуары былі рэдкасцю.

— Першыя матылі я насіў сам і дарыў знаёмым, — распавядае Іван. — Але Марына ж у нас маркетолаг (смяецца. — Заўв. Onlíner): угаварыла мяне пафатаграфаваць іх і выкласці ў групу ў VK. Раптам прыляцела замова. Мы прадалі першую штуку і падумалі: ваў, гэта камусьці трэба!

Вырашылі, што будуць і далей спрабаваць на гэтым зарабіць. Так нарадзіўся сямейны брэнд Feeling Bow Ties.

Марына сышла ў дэкрэт і занялася прасоўваннем іх сямейнай майстэрні. У рэкламу асабліва ўкладвацца не прыйшлося: кліенты знаходзіліся самі праз групу ў VK, а ў хуткім часе з сям’ёй пачалі звязвацца ўладальнікі крамачак аксесуараў, з’явіліся аптовыя заказы. Дарэчы, якога-небудзь вопыту работы з дрэвам у Марыны і Івана не было. Іван вучыўся ўсяму самастойна, карыстаючыся даступнай інфармацыяй з інтэрнэту.

— Калі пачынаў, такога інфармацыйнага багацця, як цяпер, не было. Я выкарыстоўваў усе магчымасці навучыцца дрэваапрацоўцы па інтэрнэце. Напрыклад, знаходзіў відэаўрок пра тое, як змайстраваць крэсла. Проста глядзеў відэа і знаходзіў тое, што магу ўжыць ў сваёй працы.

Працягнулі эксперыментаваць — з формай матылькоў, гатункамі драўніны, матэрыяламі. План заказаў складаўся ўжо на месяц наперад, майстэрня абрастала новым абсталяваннем, з’яўляліся свежыя ідэі. Марына і Іван сталі рабіць яшчэ і драўляныя запанкі, брошкі, завушніцы, нават акуляры. Назву майстэрні скарацілі да Feeling Trees (адштурхваліся ад псеўданіма Івана: як фатограф ён падпісваў свае здымкі імем Feeling Love).

Вырашылі ісці далей. Узнікла ідэя стварыць скураную сумку з драўлянымі дэталямі. Аднак была праблема:

— Мы не ведалі пра скуру нічога: ні дзе яе браць, ні як з ёй працаваць. Вырашылі паступіць гэтак жа, як і з дрэвам: сесці і разабрацца ва ўсім самастойна.

Сяк-так, метадам спроб і памылак зрабілі спачатку мужчынскі партфель, затым жаночую сумку.

— Скажам шчыра, першыя сумкі былі жудасныя, — смеючыся, прызнаецца Марына. — І самая першая праца дагэтуль вісіць у нас у майстэрні ў якасці прыкладу таго, як рабіць нельга. Але, бачачы свае памылкі, мы імкнуліся выправіць іх у наступным вырабе.

З кожнай новай сумкай стараліся выканаць працу больш тонка, дадаць цікавыя дэталі. Паступова дакуплялі новае абсталяванне, што дапамагло ствараць сумкі на якасна іншым узроўні. Генерыравалі ідэі, якія, дарэчы, часцей за ўсё падкідвалі кліенты.

Шэсць гадоў таму, калі сям’я стала прасоўваць свае скурана-драўляныя сумкі, гэтая ніша была практычна пустой. Але вельмі хутка на гарызонце замільгалі канкурэнты, і стала ясна: трэба тое, што дапаможа вылучыцца.

Натхніліся працай амерыканскага мастака і дадалі ў свае сумкі ўстаўку з эпаксіднай смалы

У той час інтэрнэт гудзеў, абмяркоўваючы стол-раку амерыканскага мэблевага дызайнера Грэга Класэна. Іван і Марына захацелі дадаць падобны эфект у свае вырабы. Такога вопыту на рынку галантарэі не назіралася, майстры толькі пачыналі вучыцца працаваць з эпаксіднай смалой.

— У стале-рацэ Грэга Класэна спалучаюцца драўніна і блакітнае шкло, але паўтарыць такое ў мініяцюры не ўяўлялася магчымым. Затое мы ўзялі на ўзбраенне, што можна выкарыстоўваць у сумках эпаксідную смалу, — распавядае Іван. — Як гэта рабіць, зноў жа было незразумела. Зрабілі першую бакавіну сумачкі з разломам, залілі эпаксідкай, запаліравалі ўручную. Былі рады, што атрымалася хоць нешта. Адначасова са смалой у бакавінах сумак з’явіліся сухацветы — зараз гэта неад’емны элемент брэнда.

Асобная гісторыя — выбар швейнай машынкі. Іван змяніў тры варыянты, пакуль не знайшоў тую самую. Ёю стала Durkopp 1993 года, не запатрабаваная на Мазырскай швейнай фабрыцы «Надэкс».

— На «Надэксе» былі здзіўленыя, калі я захацеў у іх яе купіць, — успамінае Іван. — Яе нельга было проста так падключыць да разеткі, каб яна зарабіла. Прыйшлося трохі ўмяшацца ў канструкцыю: я прыстасаваў для працы пнеўматыкі кампрэсар з халадзільніка і рэсівер вогнетушыцеля, усталяваў зваротны клапан для бяспекі, зварыў. Справа пайшла.

Услед за шыццём падаспеў наступны этап — дубленне скуры. Яму, на здзіўленне, маладыя людзі навучыліся хутчэй за ўсё, і з гэтага моманту якасць сумак выйшла на той узровень, якім сям’я па-сапраўднаму ганарыцца.

— Мы ўжо дастаткова доўга варымся ў гэтай справе, каб разумець, наколькі важныя якасць вырабу і рэпутацыя брэнда. І я з упэўненасцю магу сказаць, што добры маркетынг — гэта яшчэ не ўсё, — дзеліцца сваімі думкамі Іван. — Быў час, калі нейкія брэнды ў нас «выстрэльвалі», скаланаючы ўсю інфармацыйную прастору, а сёння пра іх ніхто і не кажа. Калі я бяру ў рукі іх вырабы, мяне гэта не здзіўляе. Спачатку чалавек купляе, трапіўшы на карцінку, але толькі праз час прыходзіць разуменне, наколькі якасны тавар ён набыў.

Для мяне прыкмета паспяховага продажу — калі кліент купіў адну сумку, пахадзіў з ёй і праз нейкі час вырашыў купіць у нас яшчэ адну.

Чатыры гады таму ў Марыны і Івана з’явіліся заказчыкі з-за мяжы — такі эфект далі інтэграцыі з блогерамі. Працавалі па бартары: мазыране дасылалі блогерам свае сумкі, а тыя наўзамен давалі бясплатную рэкламу.

Водгукі кліентаў — гэта асобная радасць.

— Гэта заўсёды вялікая асалода — бачыць эмоцыі, якія выклікае наша праца. Нядаўна мы рабілі блакітны заплечнік для дзяўчыны з Мінска. Ён там стаў сапраўднай зоркай! — з усмешкай кажа Марына. — Мне ўжо тройчы людзі дакладвалі пра яго перамяшчэнні. Нават фатаграфіі дасылаюць, як бачаць яго то ў адным месцы, то ў іншым. У такія моманты пачынаеш асабліва ганарыцца сабой, сваёй справай. Нашы вырабы пазнаюцца.

Успамінае яна і гісторыю пакупніцы з Амерыкі, якая паехала ў Фларэнцыю і там зайшла з сумачкай Feeling Trees у фірменны магазін Prada.

— Яна распавяла мне, што менеджары крамы не стрымлівалі захаплення, убачыўшы нашу сумку. Разглядалі яе, чапалі і пыталіся, адкуль у яе такая.

Іван і Марына кажуць, што ўсе ўкладанні ў іх невялікі бізнес ужо акупіліся, майстэрня прыносіць паўнавартасны прыбытак. Але доля выдаткаў на матэрыялы для сумак вялікая.

— Дзесьці двойчы на год мы ездзім у Мінск і робім аптовыя закупкі. Трацімся на матэрыялы па-буйному, бо ў нашым горадзе практычна нічога не купіць. У апошнюю паездку на адну толькі скуру выдаткавалі амаль $2500.

Сума вусцішная, але на дыстанцыі ўкладанні акупляюцца. Цяпер у месяц Марына і Іван робяць дзесяць сумак, кошт кожнай — ад $250 у эквіваленце.

— Як вы размеркавалі абавязкі паміж сабой?

— Наша з Ванем праца строга дэлегаваная, і мы не лезем адзін да аднаго з парадамі, калі пра гэта не папросяць. На мужы ляжыць уся асноўная фізічная праца, і ад гэтага некаторым можа падацца, што я нічога не раблю. Такое адчуванне часцяком узнікае і ў маіх хейтараў у TikTok, — разводзіць рукамі Марына. — Я фарбую зрэзы рамянёў, падрыхтоўваю расліны, выкладваю іх у бакавіны, пакую сумкі для адпраўкі. Але самая аб’ёмная частка маёй працы — гэта афармленне заказаў і прасоўванне нашага брэнда ў сацсетках. Адно толькі абмеркаванне замовы можа заняць да трох дзён, бо вельмі важна ўзгадніць кожную дробязь, каб пакупнік у выніку застаўся задаволены.

«Заўважаем з’яўленне брэндаў, якія непрыкрыта капіююць элементы нашых сумак»

Цяпер рэклама рамеснай працы вельмі актыўна прасоўваецца ў сацыяльных сетках, і немагчыма было не заўважыць з’яўленне майстроў падобнай тэматыкі.

— Калі мы толькі пачыналі, у гэтай нішы ніхто не прапаноўваў вырабаў і ідэй, падобных нашым. Мы самі прыдумлялі формы бакавін, ручак, зашпілек, і гэтая атрыбутыка стала нашай візітоўкай, — распавядае Марына. — Цяпер ужо заўважаем з’яўленне брэндаў, якія непрыкрыта капіююць элементы нашых сумак. Гэта бачаць і нашы падпісчыкі, якія рэгулярна дасылаюць нам спасылкі на такіх рамеснікаў. Дыялогу з імі, як правіла, не атрымліваецца: адразу блакіруюць. Але канкурыруюць яны толькі коштам, не якасцю.

У найбліжэйшых планах сямейнага брэнда — афармленне таварнага знака, які будзе дзейнічаць у краінах блізкага замежжа і дапаможа абараніць правы на інтэлектуальную ўласнасць.

— Гэта дазволіць нам адстойваць прыналежнасць элементаў нашага фірменнага стылю і паменшыць запал канкурэнтаў, — Марына кажа пра тых майстроў, якія займаюцца плагіятам. — Часта пытаюцца, ці не плануем мы даваць нейкія майстар-класы або запускаць навучальныя курсы. Наш адказ — не. Мы не збіраемся гадаваць сабе канкурэнтаў.

Мы будзем працягваць рабіць тое, што і рабілі — сыходзіць у эксклюзіўнасць, ствараць унікальныя і непаўторныя рэчы, якіх не знайсці ў масмаркеце. Але для гэтага важна паклапаціцца аб недатыкальнасці нашых ідэй, бо многія з іх счытваюцца чыста візуальна і ўжо паспелі перацячы да трэціх асоб.

Таксама ў планах у Івана і Марыны паўнавартасны запуск англамоўнага сайта, гэта дасць магчымасць замаўляць сумкі пакупнікам з-за мяжы, бо паток заказаў стаў сапраўды вялікім і цяпер складаецца на месяцы наперад. Сям’я прызнаецца: праца забірае шмат сіл і стомленасць і назапашанае напружанне даюць пра сябе ведаць.

— Мы вельмі любім сваю працу і радуемся, што нам не даводзіцца сядзець без справы. Але аб’ёмы выраслі настолькі, што ўдваіх вывозіць гэта становіцца ўсё складаней, — прызнаецца Марына. — Вельмі мала выхадных, а з сыходам з майстэрні праца не канчаецца, мы ўвесь час на сувязі з кліентамі. Але мы даўно зразумелі, што працаваць толькі ў задавальненне і зарабляць — гэта аб’ектыўна розныя рэчы. Зараз наша справа — гэта паўнавартасная занятасць, тое, чым займаемся кожны дзень, і ў нас, па сутнасці, няма выхадных.

Цяпер Іван і Марына шукаюць у сваю майстэрню чалавека, якому можна было б даверыць частку працы. Ёсць шмат падрыхтоўчых момантаў, навучыцца якім, у прынцыпе, не так складана: рабіць нарыхтоўкі стандартных бакавін, колцаў, ручак, планак.

— Хацелася б знайсці і навучыць чалядніка, але пакуль прыдатнай кандыдатуры не знайшлі. Ці то шмат патрабуем, ці то дрэнна шукаем. Нам вельмі важна, каб чалавек падзяляў нашы прынцыпы і каштоўнасці і палюбіў гэтую працу так, як палюбілі яе мы.

Onlíner рекомендует
55" 3840x2160 (4K UHD), частота матрицы 60 Гц, Smart TV (Android TV), HDR10, Dolby Vision, HLG, DTS:HD, Wi-Fi, смарт пульт
55" 3840x2160 (4K UHD), матрица OLED, частота матрицы 120 Гц, Smart TV (LG webOS), HDR10, Dolby Vision, HLG, Dolby Atmos, AirPlay, Wi-Fi, смарт пульт

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. ok@onliner.by