29 334
21 июля 2024 в 8:00
Источник: Алесь. Фото: Алесь

«Не ўжываем мяса, малочку, яйкі і макароны». Колькі грошай траціць на ежу гэта сям'я?

Источник: Алесь. Фото: Алесь
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Такое харчаванне можа здацца дзіўным большасці людзей — без шматлікіх звыклых прадуктаў, але затое з рыбай, морапрадуктамі, багаццем садавіны і гародніны. У гэтым выпуску Алесь расказвае пра рацыён сваёй сям'і — у нечым харчаванне падобнае на міжземнаморскую дыету з улікам gluten free. Колькі грошай на гэта траціцца, расказваем у новым выпуску нашага конкурсу з Aeno.

Калі вы таксама хочаце паўдзельнічаць у бітве бюджэтаў на ежу, чакаем вашы гісторыі на пошце nz@onliner.by.


«О, табе трэба напісаць у „Анлайнер“, — сказала мне жонка, — там распачалася бітва бюджэтаў на ежу. Раскажы пра тое, што можна добра харчавацца без мяса, яек, малочных прадуктаў і макаронаў». Трохі павагаўшыся, я ўсё ж вырашыў паслухаць жонку і падзяліцца нашым досведам эканомнага выдаткавання грошай на ежу.

Я Алесь, мне 52 гады. Дзесьці ў 14 гадоў мне захацелася стаць кухарам. Гэта была першая свядомая спроба выбраць сабе прафесію, але маці мой выбар не падтрымала, бо ў яе ўяўленні гэта быў кухар з завадской сталоўкі, які атрымлівае невялікія грошы і таму займаецца крадзяжом прадуктаў з кухні. Не магу сказаць дакладна, ці то маці мяне адгаварыла, ці то сам перадумаў, але я выбраў іншую прафесію.

Фішбургер з аўсянай мукой

Скончыўшы ВНУ, я заняўся біяхіміяй, аб чым ніколькі не пашкадаваў, бо атрыманыя веды спатрэбіліся не толькі ў прафесійным, але і ў паўсядзённым жыцці, а кулінарыя засталася маім хобі. Веды па біяхіміі далі мне разуменне таго, як ежа становіцца часткай нашага арганізму і як уплывае на наша здароўе, чаму адны прадукты карысныя, а іншыя — шкодныя, як правільна скласці свой рацыён.

Жывем мы з жонкаю ўдваіх, яшчэ ў нас ёсць сабака. Як я, бывае, жартую, у нашай сям’і я з’яўляюся загадчыкам кухні, бо займаюся закупкай прадуктаў, прыгатаваннем страў і сачу за тым, каб харчаванне было рацыянальным. На адметнасць нашага рацыёну паўплывала тое, што ў маёй жонкі дыягнаставанае непрыйманне пшанічнага глютэну, гэта значыць, што ў рацыёне не мусіць быць прадуктаў, якія ў сваім складзе ўтрымліваюць пшаніцу, ячмень, жыта.

Хлеб з аўсянай мукі

Прадукты ж з паметкай gluten free даволі дарагія, яны могуць быць нават у 10 разоў даражэйшыя за звычайныя, таму на аснове міжземнаморскай дыеты, якая навукоўцамі прызнаная найздаравейшай, і з улікам дыеты жонкі я распрацаваў сваю дыету.

Галоўным яе прынцыпам стала пазбяганне пшаніцы, жыта, ячменю, а таксама прадуктаў з вялікай колькасцю стэарынавай, пальмітынавай і лінолевай тлушчавых кіслот, таму што яны аказваюць дрэнны ўплыў на эндатэлій сасудаў. Такім чынам наш рацыён складаецца з рознай гародніны і садавіны, рыбы і морапрадуктаў, круп (рысу, грэчкі, пшана, сачавіцы, гароху, аўса).

Гарохавы суп з тунцом

Алей ужываем толькі аліўкавы, бо гэта адзіны алей, які ўтрымлівае найменшую колькасць лінолевай кіслаты. Купляю алей Pomace рафінаваны, які, у адрозненне ад extra virgin, можна падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы. П’ем толькі гарбату з гібіскусу з дадаткам мяты, яблычны сок і «Баржомі», алкаголь не ўжываем.

Зразумела, што, прытрымліваючыся такой дыеты, складана знайсці стравы ў аб’ектах грамадскага харчавання, таму іх і не наведваем, што таксама дазваляе эканоміць грошы.

Катлеты з тунца і сачавіца

Як я ўзгадваў раней, мука gluten free дарагая, таму сам раблю муку з аўсянай крупы, папярэдне, як Папялушка, якую не ўзялі на баль, перабіраю крупу, таму што там часта сустракаецца рознае смецце.

Мука з аўсянкі

Мука атрымліваецца з вотруб’ем, з яе пяку хлеб, аладкі, рулет з цынамонам.

Рулет з цынамонам з аўсянай мукі

Замарожаную рыбу (тунца, пікшу, сайду, мойву, скумбрыю, путасу) і морапрадукты (мідыі, крэветкі, васьміногі) купляем оптам, так атрымліваецца танней і нават смачней. Для гэтага ў нас ёсць бытавы маразільнік.

Нашага сабаку, нібыта марскога ільва, мы кормім толькі рыбай. Для яго купляем путасу, таксама яму дастаюцца вантробы і галовы ад рыбы, якую мы гатуем сабе. Порцыя для сабакі складае 400 грам раз на дзень, па сваей паўнацэннасці і засваяльнасці такі рацыён лепшы, чым пакупны корм для сабак, і стварае пэўную эканомію.

Мы не снедаем і не абедаем, а толькі вячэраем, атрымліваецца штосьці накшталт моднага апошнім часам інтэрвальнага галадання.

Смажаная мойва з рысам

У нас на дваіх удзень ідзе прыкладна па 400—500 грам рыбы, 200 грам круп ці 400 грам аўсянай мукі, садавіны з гароднінай — каля 2 кілаграм, што ў сярэднім на месяц складае 400 рублёў на рыбу (з улікам рыбы для сабакі), 500 рублёў на садавіну з гароднінай, 120 рублёў на сокі, на розную бакалею — каля 100 рублёў.

Такім чынам сярэднемесячнае харчаванне двух людзей і аднаго сабакі абыходзіцца ў 1120 рублёў.

Як паўдзельнічаць у конкурсе?

Трэба даслаць сваю гісторыю на пошту  nz@onliner.by па 3 жніўня ўключна. Расказвайце, колькі грошай аддаяце на харчаванне, якія прадукты купляеце. Павінна атрымацца гісторыя ад 2500 знакаў.

Можна апісаць лайфхакі для эканоміі (напрыклад, вы ведаеце, як аддаваць мінімум на ежу, знайшлі супертанныя абеды ў суседняй сталовай або робіце «сабойкі» і гэтак далей) ці, наадварот, распавесці, як вы без шкадавання купляеце ежу і лічыце важным не памяншаць выдаткі на харчаванне. А можа, вырашылі не гатаваць дома і знайшлі выгадную альтэрнатыву? Такія гісторыі таксама падыходзяць. Да ліста дадавайце фота — так апавяданне будзе больш інфарматыўным.

Мы апублікуем лепшыя гісторыі, а чытачы абяруць пераможцаў.

Якія прызы?

Першае месца — электрагрыль AEG0001.

2000 Вт, универсальный, двухсторонний (гриль-пресс), габариты 338x355 мм, рабочая поверхность 320x220 мм

Другое месца — стацыянарны блэндар ATB0002F.

Трэцяе месца — су-від ASV0001.

су-вид (Sous-vide), мощность 1200 Вт, 4 программы

Пераможцаў аб'явім 12 жніўня.

Поўныя правілы можна паглядзець тут.

Чытайце таксама:

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by