Напэўна, кожны з нас, бываючы ў дзяцінстве ў гасцях у бабулі, бачыў прыгожа вышытыя ручнікі і насценныя дываны. Кветкі, арнамент, мудрагелістыя ўзоры — хіба можна ўявіць вясковы побыт без усяго гэтага? Сёння старажытную тэхніку вышыванкі можна ўбачыць не толькі ў старых хатах, але і на вуліцах горада — на заплечніках, адзенні, сумках. Расказваем пра дзвюх апантаных жанчын, якія рухаюць у масы народную вышыўку і імкнуцца на гэтым крыху зарабіць.
Ірына і Вольга разам працуюць над праектам «Роднае» — займаюцца ручной і машыннай вышыўкай паводле беларускіх традыцый.
— Мне заўжды падабаўся беларускі арнамент, беларуская вышыўка. Вышывала, калі чакала дзяцей, вышывала па начах, — прызнаецца Ірына, дыпламаваны канструктар адзення, які мае 25-гадовы досвед працы ў гэтай галіне.
Яна нарадзілася на Палессі і да сямі гадоў жыла ў бабулі, якая ўвесь час займалася ткацтвам і ручной вышыўкай. Ірына часта дапамагала бабулі.
— Гэта не калекцыя, гэта мой скарб, — жанчына дэманструе нам старыя палескія рушнікі. — Гэта ўсё рабілі рукі маёй матулі, бабулі, прабабулі. І я толькі намагаюся ўсё гэта захаваць.
Як жа пачаўся праект «Роднае»? У Ірыны была звычайная хатняя швейная машынка. Калі яна пачала думаць пра праект з беларускім характарам, то стала шукаць дызайнера, які зробіць праграму для вышыўкі. Так знайшла Вольгу — жанчыну, якая ўжо доўгі час займаецца распрацоўкай дэкору і вышыўкі.
— Я зразумела, што мы на адной хвалі і трэба штосьці рабіць, — усміхаецца Вольга.
Жанчыны набылі патрыманыя прамысловыя швейныя машынкі — і панеслася. Узоры пачалі з’яўляцца на торбачках, падушках, фартушках, фіраначках, заплечніках.
Васількі, птушкі, арнамент, матывы традыцыйных беларускіх дываноў — усё такое роднае, як у вясковых хатах, і ў той жа час сучаснае і стылёвае.
— Наш праект — гэта спроба паказаць, што беларускае — гэта сучасна, гэта модна, — гаворыць Ірына.
Як ствараецца такая прыгажосць? Ці ёсць сакрэт?
— Спачатку рай у цябе ўнутры. Будуеш яго вакол сябе. А ён пашыраецца, распаўсюджваецца, — так жанчыны апісваюць працэс творчасці.
Кожная вышыўка мае свой сэнс. Вольга звяртае нашу ўвагу на арнамент. Гэта ж не проста крыжыкі, палосачкі, квадрацікі. Гэта зашыфраваныя нашымі продкамі сімвалы — сонца, зямля, любоў, багацце. Код народнага мастацтва, які беларусы нясуць па жыцці.
Ці можна сёння зарабіць на вышыўцы? Жанчыны прызнаюцца, што самае складанае — прадаць тое, што яны робяць. Пакуль гэта больш хобі, чым бізнес.
— Нашы пакупнікі — людзі, якім падабаецца, што гэта відавочна беларуская рэч, — гаворыць Ірына. — Яны хочуць мець часцінку нашага роднага, тое, што мы робім з задавальненнем і любоўю, у сябе дома.
Ідэй у жанчын шмат. Напрыклад, яны думаюць пра аўтарскую калекцыю адзення — такую, якая выглядае сучасна і якую людзі насілі б паўсядзённа. Бізнес можа пашырацца, аднак на ўсё патрэбны час і сродкі.
Але насамрэч, як мы пераканаліся, гэтая гісторыя зусім не пра грошы.
— Праект «Роднае» — гэта, напэўна, наш адказ на пытанні «Хто мы?», «Дзе нашы карані?», «Якая наша спадчына?», «Што мы пакінем сваім дзецям?» — разважае Ірына. — Я хачу, каб мае дзеці разумелі, хто яны, каб ведалі, адкуль яны. Свет вялікі, свет добры, але ў іх ёсць дом, у якім цёпла, утульна і дзе іх заўжды чакаюць.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка